У Пінску падчас візіту Лукашэнкі міліцыянты шукалі мясцовых апазіцыянераў

Больш за дзве з паловай гадзіны цэнтр Пінска сёння быў перакрыты спецслужбамі - у горад прыязджаў Аляксандр Лукашэнка. Візіт кіраўніка дзяржавы быў прымеркаваны да адкрыцця новага спарткомплексу, і ён часова паралізаваў жыццё горада.
Супрацоўнікі міліцыі і ДАІ перакрылі вуліцы горада па якіх планаваўся праезд прэзідэнта. На шляху Лукашэнкі былі зачыненыя інтэрнаты, крамы, пошта, банкі, навучальныя і дзяржаўныя ўстановы. Пінчукі некалькі гадзінаў не маглі трапіць на працу і нават прайсці ў свае дамы. Па гэтых вуліцах нават не хадзіў грамадскі транспарт. І толькі пасля таго, як прэзідэнцкі картэж выехаў з горада, ачапленне было знятае.

Дарэчы, падчас знаходжання кіраўніка Беларусі ў Пінску міліцыянты настойліва спрабавалі паразмаўляць з мясцовымі апазіцыянерамі. Пінскія актывісты паведамляюць, што супрацоўнікі міліцыі тэлефанавалі ім на мабільныя тэлефоны і прасілі прыйсці на размову. А актывіста маладзёжнага руху Ігара Салаў’я ўсё ж такі затрымалі і некалькі гадзінаў размаўлялі з ім у міліцэйскім пастарунку, а пасля выпусцілі.