У Пінскім раёне затрымалі 19-гадовага гандляра марыхуанай

За збыт марыхуаны затрыманы беспрацоўны 19-гадовы жыхар адной з вёсак Пінскага раёна, паведамляе БелаПАН. На яго завялі крымінальную справу. У хлопца ў часе затрымання знайшлі 47 пакецікаў з марыхуанай і колькі дзесяткаў долараў. Гэты расфасаваны наркотык знайшлі таксама і ў яго дома. Як паказала следства, 19-гадовы вясковец збіраў дзікія каноплі, сушыў іх і расфасоўваў для збыту. Ужо вядома, што ён чатыры разы рэалізаваў наркотык, у тым ліку двум непоўнагадовым жыхарам Пінску.