У Мінску ткуць народныя строі і сучасныя рэчы на старажытных станках

Падчас падрыхтоўкі матэрыялу пра касцюмы дзяўчат, якія сустракаюць важныя дэлегацыі, Еўрарадыё наведала навукова-вытворчае прадпрыемства "Скарбніца", што вывучае народныя рамёствы, ездзіць у экспедыцыі і стварае цікавыя рэчы на аснове знойдзеных артэфактаў.

На сапраўдных кроснах жанчыны працуюць па старажытных тэхналогіях, то бок ткуць гэтак жа, як ткалі бабулі. Майстрыхі ствараюць як рэканструкцыі старажытных ручнікоў, паясоў, абрусаў і посцілак (якія, напрыклад, немагчыма зрабіць на прамысловым станку), так і сучасныя рэчы, выкарыстоўваючы складаныя народныя тэхналогіі і арнаменты.

"То бок тут ідзе праца рукамі, нагамі і галавой, натуральна", — смяецца галоўны мастак-мадэльер "Скарбніцы" Алена Галіеўская, якая ладзіць нам экскурсію па прадпрыемстве.

Прычым кожная рэч, што з'яўляецца з-пад кроснаў ткачых, вылучаецца індывідуальнасцю, бо мастак уласнаручна падбірае колеравую гаму, робіць запраўку, афармляе краі посцілкі ці ручніка, то бок уключае фантазію, якая, натуральна, абапіраецца на фальклорную базу.

А гэта швейны цэх, дзе вышываюцца кашулі, сталовая бялізна, сурвэткі, распрацоўваюцца стылізацыі слуцкіх паясоў. Тут жа прыдумалі пано па слуцкіх паясах, якія, дарэчы, выкарыстоўваюцца для падарункаў ганаровым гасцям.

Яшчэ на прадпрыемстве ёсць галерэя, дзе сабраныя экспанаты, распрацоўкі, творчыя пераўвасабленні ці рэканструкцыі. На манекенах, што ўпрыгожваюць галерэю, можна ўбачыць рэканструкцыі строяў, якія насілі нашы бабулі. Пры іх стварэнні ўлічваліся прапорцыі, колеравае спалучэнне элементаў, уласцівых канкрэтнаму рэгіёну.

"Скарбніца" штогод ездзіць у экспедыцыі па розных рэгіёнах Беларусі, вывучае матэрыяльную спадчыну, захаваную ў музеях і закінутую на вышках старых вясковых хатаў.

Куток з рэчамі, прывезенымі з экспедыцый: іх або нехта дорыць, або прадпрыемства нават выкупляе і прыводзіць у добры выгляд. Вось, напрыклад, маляванка па льне з ільвамі. Некалі былі мастакі, якія хадзілі па вёсках і прапаноўвалі гаспадарам пакінуць для прыгажосці такую маляванку.

"Выява львоў вельмі цікавая: лічыцца, што гэта сімвал сям'і, сімвал двух родаў. Тры дрэвы — гэта дрэва аднаго роду, дрэва другога і ўзрошчванне ўласнай сям'і — трэцяе дрэва. Сям'я і шлюб мусяць быць такімі ж моцнымі, як гэтыя жывёлы. А аблямоўка з кветак па краях — гэта пажаданне сям'і дабрабыту", — каэа Алена Галіеўская.

"Скарбніца" стварае як сцэнічныя касцюмы, так і нацыянальныя строі, вельмі блізкія да арыгіналу.