У Мінску аднавілі "сцяну Віктара Цоя"

Сцяна размешчаная ў цэнтры горада ў скверы на скрыжаванні вуліц Беларускай і Ўльянаўскай, недалёка ад стадыёна "Дынама". Як паведамляе БелаПАН, ініцыятары ўзнаўлення "сцяны Цоя", прыхільнікі спевака, маюць намер утрымоўваць гэтае месца ў парадку. У 20-я ўгодкі смерці Цоя, сёлета ў жніўні, каля сцяны могуць быць арганізаваныя памятныя мерапрыемствы.

Нагадаем, у верасні 2008 года два фрагмента "сцяны Цоя", якія размяшчаліся за будынкам Палаца Рэспублікі ў Мінску, былі дэмантаваныя ў сувязі з будаўніцтвам на яе месцы новага будынка. 4 снежня 2009 года ў Мінгарвыканкам былі накіраваныя 1.990 подпісаў мінчукоў з патрабаваннем аднавіць "сцяну Цоя".