У Ізраілі ўсе газеты, радыё і тэлеканалы цэнзуруе Мінабароны

Установы накшталт Міністэрства інфармацыі ў Ізраілі няма. І прафесійна адсочваюць усё, што адбываецца ў тамтэйшых СМІ, толькі ў двух ведамствах — Прадстаўніцтве Еўракамісіі і… Міністэрстве абароны. Але апошняе не да такой ступені адкрытае, каб распавесці аб сваіх назіраннях за СМІ журналістам з Беларусі, Украіны, Расіі і Малдовы, якія ў сярэдзіне кастрычніка наведалі гэтую краіну. За сваіх калег з Мінабароны агляд ізраільскіх СМІ зрабіў мэнэджар па прэсе і інфармацыі Еўракамісіі Дэвід Крыс.

Як высветлілася, менавіта армія з’яўляецца галоўным цэнзарам СМІ Ізраіля. Нягледзячы на тое, што ў Зямлі Абяцанай сапраўдная свабода слова.

Дэвід Крыс: “Ізраільскія СМІ падвяргаюцца цэнзуры па ваенных пытаннях, якія тычацца нацыянальнай бяспекі. І ваенны цэнзар мае права караць і нават здымаць матэрыялы, якія парушаюць гэтыя правілы”.



І размова ідзе не толькі, да прыкладу, пра матэрыялы, дзе гаворыцца пра ізраільскую ядзерную зброю. У прыватнай размове з карэспандэнтам Еўрарадыё мясцовы журналісты распавялі, што без узгаднення з ваенным цэнзарам нельга публікаваць альбо выдаваць у эфір інфармацыю не толькі пра ход ваенных дзеянняў ці пра перамяшчэнні ізраільскай арміі, але і пра тое, колькі салдат войска было паранена альбо забіта падчас той ці іншай аперацыі. Гэта прыводзіць да таго, што мясцовыя СМІ прайграюць у аператыўнасці сваім замежным калегам. Але выйсце з сітуацыі ёсць.

Дэвід Крыс: “Ізраільскім СМІ ўдалося ў значнай ступені абыйсці афіцыйных цэнзараў. Адзін са сродкаў зрабіць гэта — “зліць” нейкі недапушчальны сюжэт замежным сродкам масавай інфармацыі, а потым сказаць: “Як паведамляе замежная прэса, адбылося тое і тое”.

Як вынік — у кожным ізраільскім журналісце жыве свой унутраны цэнзар. І перш чым выдаць, здавалася б, бяскрыўдны сюжэт са згадкай ваеннай тэмы, яны дасылаюць яго на ўзгадненне цэнзарам у Мінабароны. Такую практыку Дэвід Крыс пафасна патлумачыў “высокім усведамленнем адказнасці і адданасці дзяржаве”. Але прызнаўся: журналісты проста не ведаюць дакладна, што можа выклікаць незадаволенасць Мінабароны і за што іх могуць пакараць: дасланых інструкцый ці пастаноў наконт таго, на якія армейскія тэмы можна пісаць свабодна, а на якія — не, у журналістаў няма. Калі яны і існуюць, то для ўнутранага карыстання цэнзараў Мінабароны. А ў якасці “пужалкі” ёсць прыклад адной газеты, якую цэнзары закрылі некалькі гадоў таму толькі за фотаздымак палесцінца, забітага падчас контртэрарыстычнай аперацыі ізраільскай арміі. Таксама могуць пакараць штрафам альбо звальненнем журналіста.




У той жа час, кажа Дэвід Крыс, ва ўсіх астатніх тэмах у журналістаў поўная свабода. Крытыкаваць урад увогуле лічыцца добрым тонам. Ёсць, праўда, яшчэ адно абмежаванне, але і яго журналістам удаецца абыходзіць.

Дэвід Крыс:
“Ізраільскім журналістам цалкам забаронены ўваход у Сектар Газа. Але ёсць магчымасці туды трапіць. Я вельмі часта сустракаю журналіста Шломі Эльдара ў лагерах уцекачоў, ён размаўляе з прадстаўнікамі Хамас, наладжаныя адносіны паміж ізраільскімі журналістамі і Хамас. На Заходнім беразе таксама ёсць зоны, куды ізраільскія журналісты не мусяць трапляць, але яны туды трапляюць. І я ніколі не чуў, каб каго-небудзь пакаралі за парушэнне гэтай забароны”.



У Ізраілі, паводле яго словаў, да інтэрнэта падключана больш за 75% насельніцтва і існуе вялізная колькасць сайтаў. Прычым нідзе іх рэгістраваць не трэба — дастаткова набыць дамен. Пытанне Еўрарадыё наконт фільтрацыі інтэрнэта ваеннымі цэнзарамі выклікала ў Дэвіда Крыса непрыхаванае здзіўленне.

Дэвід Крыс: “Не існуе нічога такога. Гэта не Кітай, спадар! Тут няма абмежаванняў на атрыманне любой інфармацыі праз інтэрнэт. Як большасць ізраільцян, я падпісаны на кабельнае тэлебачанне. Калі я хачу, то магу глядзець егіпецкае, сірыйскае, ліванскае, іранскае тэлебачанне. На здароўе! Поўная свабода”.



Супрацоўнікі інтэрнэт-сайтаў таксама аддаюць свае матэрыялы на ўзгадненне ваенным цэнзарам. Праўда, спадар Крыс не згадаў, каб які партал альбо інтэрнэт-журналіста неяк пакаралі. На іх нават у суд за знявагу гонару ці годнасці грамадскія іскі амаль не падаюць. Але тут, кажа Дэвід, уся справа ў меркантыльным падыходзе.

Дэвід Крыс: “Ці падаюцца іскі на інтэрнэт-сайты? Я думаю, што гэта залежыць ад таго, колькі ў іх грошай — ці ёсць нейкі шанец атрымаць ад іх нейкую кампенсацыю і ці ёсць сэнс звязвацца”.



Дарэчы, усе СМІ ў Ізраілі прыватныя. Няма сваіх газет ці каналаў ні ў адной палітычнай партыі. І таму на першым месцы для іх — камерцыйная выгада. Пра палітыку пішуць мала, візіты замежных гасцей ізраільцянам асабліва не цікавыя — калі гэта, кажа Дэвід, не Хілары Клінтан ці Ангела Меркель. Мала ўвагі надзяляецца і палесціна-ізраільскім мірным перамовам.

Глядзі таксама па тэме:

Каб з'ехаць у Ізраіль, беларусу трэба паклясціся на вернасць новай радзіме

Жыхары Здэрота штодня чакаюць новых “касамаў” і новай вайны
Паміж еўракабінетамі чыноўнікаў і халупамі ўцекачоў

Фота: Змітра Лукашука