У Гродне забаранілі пікеты ў абарону Старога горада

Гродзенскай філіі Аб’яднанай грамадзянскай партыі ўлады адмовілі ў рэгістрацыі інфармацыйных пікетаў у абарону старой часткі горада. У адказ палітыкі збіраюцца падаваць скаргу ў суд.
Прадстаўнікі гарвыканкама спаслаліся на тое, што гродзенскі Парк імя Жылібера і стадыён, месцы, дзе АГП збіралася правесці пікеты, не адпавядаюць правядзенню мерапрыемстваў такога кшталту. Пры гэтым альтэрнатыўных пляцовак для пікетавання ўлады не прапаноўваюць.

Па словах старшыні гродзенскай АГП Юрася Істоміна, адказ чыноўнікаў - поўны абсурд. Менавіта рашэннем гродзенскага гарвыканкаму, парк Жылібера і стадыён зацверджанны як месцы для інфармацыйных пікетаў.

Тым часам у межах кампаніі “Выратуем Гародню” ад сённяшняга дня запрацаваў інфармацыйны цэнтр кампаніі. У цэнтр сцякаецца ўся інфармацыя пра падзеі вакол “рэканструкцыі”.

Як адзначае адзін з каардынатараў цэнтру Павел Мажэйка, зроблена гэта, каб спрасціць працу журналістам у атрыманні інфармацыі пра апошнія падзеі звязаныя з кампаніяй па выратаванні старой часткі Гродна.

Зміцер Цвікевіч, Еўрарадыё, Гродна