У Гродне выпаў снег, ён ідзе на сталіцу (фота)

Раніцай 22 красавіка гродзенцы прачнуліся нібыта ў зімовай казцы.  Сіноптыкі кажуць, што мокры снег зноўку можа накрыць абласны цэнтр, а халоднае надвор’е пратрымаецца да выхадных. Галоўны сіноптык краіны Вольга Фядотава патлумачыла Еўрарадыё, што нічога надзвычайнага не адбылося. Красавіцкія снегапады ў краіне рэгіструюць кожныя 3-5 гадоў, а на поўдні – раз на 10 гадоў. А ў 2007 годзе снег выпаў у Мінску ажно 1 траўня!



Вольга Фядотава: “Ён і чакаўся, гэты снег. Па-першае, паветраныя масы пачалі паступаць са скандынаўскіх краін, у тыле цыклону, што крутляе па-над Архангельскай вобласцю. І тэмпература на вышыні каля паўтары кіламетры складае 5-7 градусаў марозу. А ў зямлі ў гэты час тэмпература была блізкая да нулявой. І ападкі прайшлі ў выглядзе снегу”.



Снежны фронт, які зранку захапіў заходнія рэгіёны краіны, упэўнена рухаецца ў бок сталіцы. Мэтэаролагі адзначылі снегапад ужо ў Навагрудку. У Мінску на працягу дня чакаецца вецер і дождж, які таксама можа пераходзіць у мокры снег.

Фота: http://prosto-free.livejournal.com/