У Гомелі будаўнікі працавалі на лецішчы свайго шэфа за дзяржаўныя грошы

Пяцёра будаўнікоў 1-га Гомельскага мантажнага ўпраўлення замест асноўнай працы будавалі лазню на лецішчы свайго начальніка, а грошы за гэта атрымлівалі на прадпрыемстве. Такі факт выкрыў Камітэт дзяржкантролю, паведамляе БелаПАН. Дырэктар мантажнага ўпраўлення прыпісаў пецярым работнікам 278 адпрацаваных чалавека-дзён за тое, што яны займаліся добраўпарадкаваннем ягонага лецішча. Пры гэтым сваю асноўную працу яны не выконвалі, але ж атрымлівалі заробак. Усяго ім налічылі 12 мільёнаў 700 тысяч рублёў.
 
Начальнік ужо цалкам кампенсаваў дзяржаве гэтую суму. Праваахоўныя органы разглядаюць пытанне, ці варта распачынаць крымінальную справу.