У Дзень жанчын tut.by вучыць дзяўчат танчыць, а Epam набывае 5 тысяч кветак
Еўрарадыё сабрала самыя крэатыўныя віншаванні і падарункі са сталічных офісаў на 8 сакавіка.
Мужчыны кампаніі tut.by вырашылі навучыць сваіх супрацоўніц танчыць і … падарылі танцавальны апарат.
“Гэта танцавальны апарат, які мы самі збіралі. Доўга абіралі гульні — гэта гульнявая кансоль. Яна кіруецца жэстамі. Такі кавалак будучыні, яны могуць за год навучыцца і танчыць, і гуляць”, — распавядае крэатыўны дырэктар УП “Надзейныя праграмы” Аляксандр Нікалайчук.
Супрацоўніцы Tut.by ужо танчаць
Адзначым, што на 23 лютага жанчыны tut.by прымусілі хлопцаў “трымацца ў сядле”.
У “Белаграпрамбанку” кіраўніцтва ў выглядзе багоў на свята пакарала сваіх супрацоўнікаў. Іх прымусілі быць жанчынамі.
“Такая сцэнка была: кіраўнікі-мужчыны ў ролі багоў зрабілі мужчын жанчынамі. Тыя не справіліся і прасілі вярнуць ім піва і пульт ад тэлебачання”, — кажа супрацоўніца банка.
Кампанія Epam падарыла жанчынам машыну кветак і жывых музыкантаў у кампаніі з гусарамі і рыцарамі.
“У нас ёсць жывыя музыканты, фатографы, якія робяць партрэты дзяўчынам на памяць. У некаторых офісах у нас ёсць гусары і рыцары”, — кажа медыя-менеджар Алёна Бабенка.
“У нас ёсць жывыя музыканты, фатографы, якія робяць партрэты дзяўчатам на памяць. У некаторых офісах у нас ёсць гусары і рыцары”
Кветкі з кампаніі Epam
Каб павіншаваць усіх супрацоўніц, спатрэбілася... каля 5 тысяч кветак!
Алёна Бабенка: “Відовішча на разгрузцы ўражвала. 1000 дзяўчын, кожнай па 3-5 цюльпанаў”.
Моцная палова рэкламнага агенцтва “Квадрат” пакуль не прызнаецца, як будзе віншаваць сваіх дзяўчын, — каб зрабіць сюрпрыз. А дзяўчыны чакаюць і прыгадваюць леташнія віншаванні.
Пакуль дзяўчынам з "Квадрата" падарылі кветкі
“Летась нашыя хлопцы зрабілі з нас залатых рыбак. Увесь дзень нам дарылі падарункі, а ўвечары нас вывезлі за горад і зладзілі водна-пляжную вечарыну. А самае запамінальнае было, калі хлопцы стварылі радыё, якое працавала ўвесь дзень. Кожная дзяўчына магла пабыць у прамым эфіры”, — узгадвае супрацоўніца агенцтва Ларыса.
“Летась нашыя хлопцы зрабілі з нас залатых рыбак. Увесь дзень нам дарылі падарункі, а ўвечары нас вывезлі за горад і зладзілі водна-пляжную вечарыну. А самае запамінальнае было, калі хлопцы стварылі радыё, якое працавала ўвесь дзень. Кожная дзяўчына магла пабыць у прамым эфіры”
Хлопцы з цэнтру бізнэс-тэхналогій Satio да ночы ўпрыгожвалі офіс, каб зрабіць падарунак. Падчас віншаванняў яны збіраюцца … сарваць сукенкі з дзяўчын.
Упрыгожаны офіс
“Мы паспрабуем абыграць камічныя сітуацыі паміж дзяўчынамі і мужчынамі. Напрыклад, паставіць дзяўчыну ў сітуацыю, калі яе сяброўка прыйшла на свята ў такой жа сукенцы. Сяброўку будзе граць нехта з мужчын. Будзем правакаваць дзяўчыну, каб сарвала сукенку з канкурэнткі”.
Студэнты факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі распісалі сцены ўнівера… ідэальнымі жанчынамі.
“У нас будуць яшчэ віктарыны па гісторыі факультэта. Тыя, хто добра будзе адказваць, атрымаюць прызы”, — гавораць у дэканаце факультэта.
Такімі шыльдамі цяпер завешаны ўвесь факультэт
На філфаку БДУ ніякіх упрыгожанняў да свята няма. Зрэдку трапляюцца дзяўчыны з кветкамі.
“Аднагрупнікі падарылі кветкі, сказалі, што мы самыя прыгожыя ў свеце”, — прыгадвае студэнтка Іра. У руках у яе некалькі гваздзічкаў.
Студэнтам філфаку прыходзіцца складана ў такія святы. Іх мала, а дзяўчын шмат.
“Вось узяў гітару, буду віншаваць дзяўчын, спяваць для свайго курса. Дзяўчын шмат, выкручваемся праз творчасць”, — скардзіцца студэнт 4-ага курса Дзяніс.