У Цэнтральным РАУС знаходзяцца 10 актывістаў апазіцыі, затрыманых сёння

У Цэнтральным РАУС знаходзяцца 10 моладзевых актывістаў апазіцыі, затрыманых сёння па розных падставах. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў палітык Павел Севярынец.

“Аднаго хлопца затрымалі прама на працы, адну дзяўчыну забралі з кватэры, яшчэ пяць чалавек затрымалі на катку на Нямізе. Там была акцыя ў падтрымку Фінкевіча — людзі каталіся на каньках, трымаючы ў руках партрэты палітвязня. Яшчэ траіх ўзялі ў цэнтральным судзе, куды яны прыйшлі падтрымаць Юлю Сіўцову, якая атрымала 15 сутак”.

Па словах Севярынца, сярод затрыманых Люда Атакулава, Кася Галіцкая, Франак Вячорка, Кася Краснова, Уладзь Сяргееў. Некаторыя з іх затрыманыя за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі прадпрымальнікаў 10 студзеня, а некага, на думку палітыка, будуць судзіць за дробнае хуліганства.

Севярынец выказаў меркаванне, што ўлады распачалі прэвентыўныя затрыманні напярэдадні чарговай акцыі прадпрымальнікаў, запланаванай на 21 студзеня на Кастрычніцкай плошчы.