У Беларусі стала болей дзяцей з цалкам здаровымі зубамі

У Беларусі паболела дзяцей, якім не патрэбная дапамога лекара-стаматолага. Калі ў 1999 годзе дзяцей з цалкам здаровымі зубамі было меней за 18%, то цяпер іх стала 24%. Такі вынік дала праграма прафілактыкі карыесу ў дзяцей, паведамляе БелаПАН. Цяпер рэалізуецца пілотны праект па стварэнні школьных цэнтраў стаматалагічнага здароўя ў Мінску і ў Бабруйску. У краіне працуе 438 школьных стаматалагічных кабінетаў. Яны робяць стаматалагічную дапамогу для дзяцей больш даступнай. Аднак колькасць такіх кабінетаў скарачаецца: летась іх зачынілі ў 90 школах. Прычына — неадпаведнасць санітарным нормам і немагчымасць лекавання згодна з пратаколамі.