У Беларусі напішуць нацыянальную оперу па “Шляхціцу Завальні”

Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета атрымаў “шмат прапановаў” наконт падрыхтоўкі нацыянальных беларускіх спектакляў. Паводле словаў першага намесніка генеральнага дырэктара тэатра Ўладзіміра Рылаткі, аўтарскі калектыў працуе над нечаканым для оперы матэрыялам — “Шляхціц Завальня”. Паводле фантастычных апавяданняў Яна Баршчэўскага ствараюць лібрэта. Музыку да спектакля напіша кампазітар Алег Хадоска. Яшчэ адзін кампазітар, Сяргей Картэс піша оперу “Ладдзя Роспачы” паводле твору Ўладзіміра Караткевіча, а Дзмітры Смольскі перарабляе музычны матэрыял ужо існуючай оперы “Сівая легенда”, якую раней ставілі на беларускай сцэне.

Апроч таго, пісьменнік Аляксей Дудараў падрыхтаваў лібрэта балетнага спектакля “Князь Вітаўт”, паведамляе БелаПАН.