У Беларусі могуць забараніць продаж алкаголю асобам да 21 года
Такімі захадамі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў спадзяюцца спыніць алкагалізацыю моладзі.
Беларускія дэпутаты прапануюць забараніць продаж алкаголю асобам, якім не споўніўся 21 год. Пра гэта паведаміў сёння дэпутат парламенту Мікалай Іванчанка на паседжанні Мінаблвыканкаму, дзе разглядаліся вынікі працы па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй у Мінскай вобласці за 2014 год.
Дэпутат Іванчанка ўпэўнены, што прыбытак ад вытворчасці алкаголю несувымерны з той шкодай, якую яна наносіць краіне. У Беларусі няма эфектыўнай праграмы па супрацьдзеянні спажыванню алкаголю, таму дэпутат прапануе забараніць продаж спіртнога асобам да 21 года. Апроч таго, ён прапануе скараціць колькасць гандлёвых пунктаў, дзе прадаецца алкаголь, а таксама прыняць рашэнне “і ў дачыненні рэкламы піва на тэлебачанні”, перадае БЕЛТА.