У Беларусі адмененая "залатая акцыя", але перашкоды для інвестараў засталіся

У Беларусі адмененая "залатая акцыя" - інстытут асаблівага права дзяржавы на ўдзел у кіраванні прадпрыемствамі. Адпаведны ўказ падпісаў Аляксандр Лукашэнка. "Залатая акцыя" была ўведзеная ў нашай краіне ў 1997 годзе. Эканаміст Леанід Заіка кажа, што ў той час на гэты крок улады пайшлі, каб "абараніцца ад непажаданых капіталаў". У 2004-м "залатую акцыю" "ўдасканальвалі", каб прыцягнуць інвестараў, а цяпер зусім адмянілі. Гэта і не дзіўна, бо яна за гэты час "ператварылася ў пудзіла", лічыць Заіка.

Да таго ж "залатая акцыя" ў Беларусі адрознівалася ад таго, што прынята ў іншых краінах. У нас дзяржава магла ўвесці яе нават на прыватным прадпрыемстве, не маючы там дзяржаўнай долі ўласнасці.

Вось што мяркуе пра прычыны адмены "залатой акцыі" эканаміст Леанід Злотнікаў:

"Гэта сапраўды такая незвычайная "залатая акцыя". Яна павялічвала рызыкі інвестараў у Беларусі. Чаму цяпер? Таму што ў краіны вялікая патрэба ў замежных інвестыцыях. Мы бачым, што ў апошнія 2-3 гады ідзе хуткае нарошчванне знешніх запазычванняў. Асноўныя фонды зношаныя, патрэбная вялікая мадэрнізацыя, уласных грошай у краіны няма, таму што заўсёды была вялікая сацыяльная загрузка і інвестыцыі былі нязначныя".

Аднак чакаць таго, што цяпер у Беларусь рынуцца замежныя інвестары, не варта. Леанід Злотнікаў кажа, што засталося шмат іншых перашкодаў для іх. Напрыклад, вельмі высокі ўзровень падаткаабкладання альбо частая змена нарматыўных актаў.