У Бабруйску “згубілі” пляж аднаго з мікрараёнаў
Фактычна нелегальна дзейнічаў ад пачатку лета ў Бабруйску адзін з пяці мясцовых пляжаў. Як распавяла старшыня бабруйскага гарадскога савета Таварыства выратавання на вадзе Аксана Карсакова, дакументы на пляж былі проста згубленыя.
Карсакова: “Так здарылася, што на пачатку пляжнага сезона мы не знайшлі дакументы на цэлы пляж. Выратавальная станцыя там была, але дакументаў ніякіх не было. Тым не менш, мы не забаранялі бабруйчанам купацца на гэтым пляжы. Нядаўна, на шчасце, дакументы знайшліся ў архіве”.
Дарэчы, сёлета ў Бабруйску патануў 21 чалавек, з іх адно дзіця, але шыльдаў з забаронай купання на рацэ ў межах горада па-ранейшаму амаль нідзе няма.