Трамп расказаў у Кангрэсе пра "важны ліст" ад Зяленскага

Выступ Дональда Трампа ў Кангрэсе / Reuters
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп выступіў у Кангрэсе ЗША. Ён заявіў, што на працягу першых 43 дзён працы яго новай адміністрацыі краіна дасягнула большага, "чым большасць адміністрацый дасягаюць за 4 гады або 8 гадоў. І мы толькі пачынаем". "Сярод маіх самых галоўных прыярытэтаў — выратаванне нашай эканомікі і прадастаўленне радыкальнай і неадкладнай дапамогі працуючым сем'ям", — гаварыў амерыканскі прэзідэнт.
Дональд Трамп адзначыў, што пакладзены канец "тыраніі так званай палітыкі "разнастайнасці, роўнасці і інклюзіўнасці". Злучаныя Штаты гатовыя прыняць Грэнландыю ў свой склад, пачалі вяртаць кантроль над Панамскім каналам, павялічаць тарыфы на імпартныя тавары. Трамп анансаваў стварэнне перадавой сістэмы супрацьракетнай абароны Golden Dome. А яшчэ ён паабяцаў узняць амерыканскі сцяг на Марсе.
У канцы прамовы Дональд Трамп паведаміў, што атрымаў "важны ліст ад прэзідэнта Украіны Зяленскага". У ім гаворыцца, што Украіна "гатовая як мага хутчэй сесці за стол перамоваў, каб наблізіць трывалы мір" і "ніхто не хоча міру больш, чым украінцы". Уладзімір Зяленскі таксама заявіў пра гатоўнасць падпісаць пагадненне аб здабычы карысных выкапняў "у любы час".
"Я нястомна працую, каб завяршыць жорсткі канфлікт ва Украіне", — заявіў прэзідэнт ЗША. Паводле яго слоў, ён атрымаў выразныя сігналы ад РФ пра гатоўнасць да міру.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.