TOEFL зноў можна здаваць у Беларусі

У Беларусі зноў можна здаваць TOEFL – міжнародны тэст па англійскай мове. Праўда, ужо не ў папяровай версіі, а ў інтэрнэце. Пляцоўка здачы тэста – школа замежных моваў “Streamline”: у 2009 годзе яны адчынілі ў Мінску афіцыйны цэнтр па прыёме TOEFL iBT. Аксана, супрацоўнік “Streamline”: “У гэтым годзе у нас можна здаць TOEFL у онлайн-фармаце, а папяровы фармат праводзіўся раней Амерыканскім цэнтрам і ўжо састарэў у свеце. Вы можаце рыхтавацца самастойна і прыйсці здаваць да нас – мы прымаем усіх жадаючых”.

Для гэтага трэба ўсяго толькі зарэгістравацца на афіцыйным інтэрнэт-сайце. Тэст каштуе 140 долараў, цягнецца 4 гадзіны і вынікі дзейсныя 2 гады.

Нагадаем, летам мінулага года ў Мінску зачынілі Амерыканскі адукацыйна-даследчы цэнтр — адзінае месца, дзе ў Беларусі можна было здаваць папулярныя тэсты TOEFL, GRE і SAT. З-за гэтага жадаючым даводзілася ездзіць у суседнія краіны.