Тэрарысты актывізавалі мінную вайну ў Данецкай вобласці

Як вядома, у Данецкай і Луганскай абласцях Украіны працягваецца антытэрарыстычная аперацыя. Украінскія падраздзяленні спрабуюць акружыць Данецк і Луганск ды блакаваць там некалькі тысяч узброеных тэрарыстаў.

Як піша ў Facebook украінскі вайсковы эксперт Дзмітрый Тымчук, тэрарысты правялі чарговыя дыверсіі. Каля Чырвонай Зары ў Данецкай вобласці на фугасе падарваўся БТР-80 сілаў антытэрарыстычнай аперацыі. Пяць вайскоўцаў атрымалі раненні. У тым жа раёне на фугасе падарвалася БМП-2. У баявой машыне адбылася дэтанацыя боезапасу. У выніку, двое вайскоўцаў загінулі, шэсць былі параненыя.

Паводле Тымчука, найбольш напружаная сітуацыя захоўваецца ў раёне Данецка, Горлаўкі, Луганска, Антрацыта, Севераданецка.

Камандзір батальёна "Данбас" Сямён Сяменчанка піша ў Facebook, што тэрарысты з Горлаўкі ў начны час абстрэльваюць вызвалены ўкраінскімі сілавікамі Арцёмаўск. Адну групу дыверсантаў з 6 чалавек удалося затрымаць.

Фота — АР, Facebook