Тэрарысты абрынулі 222-метровую тэлевышку каля Славянска

Тэрарысты рэгулярна абстрэльвалі яе з мінамётаў са Славянска. Учора міны перабілі тросы вышкі і яна звалілася на зямлю. Паводле папярэдняй інфармацыі, пацярпелых сярод сілавікоў няма, інфармуе УНІАН.

Нагадаем, учора позна ўвечары прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка аб'явіў пра аднаўленне антытэрарыстычнай аперацыі ў Луганскай і Данецкай абласцях. Аднабаковае спыненне агню ўкраінскімі сілавікамі ў рамках "мірнага плана Парашэнкі" працягвалася з 20 чэрвеня да вечара 30-га. Тэрарысты атак не спынялі. Яны здзейснілі 108 нападаў, забілі 27 украінскіх вайскоўцаў.

"Мы будзем наступаць і будзем вызваляць нашу зямлю. Непрацягненне рэжыму прыпынення агню — гэта наш адказ тэрарыстам, баевікам, марадзёрам, усім тым, хто здзекуецца над мірным насельніцтвам, хто паралізуе працу эканомікі рэгіёну, хто зрывае выплаты заробкаў, пенсій, стыпендый, хто падрывае чыгунку, руйнуе водаправоды, хто пазбавіў людзей нармальнага мірнага жыцця", — заявіў Пятро Парашэнка ў звароце да ўкраінскага народу.

Фота — slavdelo.dn.ua