Сяргей Скрабец будзе балатавацца на пасаду прэзідэнта

Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў і экс-палітвязень Сяргей Скрабец намераны ўзяць удзел у прэзідэнцкіх выбарах 2011 года. Па яго словах, гэтая ініцыятыва сыходзіць ад колішняй дэпутацкай групы "Рэспубліка". Цяпер былыя дэпутаты апынуліся ў розных палітычных структурах. Так, генерал Валеры Фралоў уваходзіць у кіраўніцтва Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), а Уладзімір Парфяновіч разам з Леанідам Сініцынам напісаў "Мінскі маніфест" з прапановай больш шчыльнай беларуска-расійскай інтэграцыі. Аднак усе экс-дэпутаты "Рэспублікі" паабяцалі Скрабцу сваю падтрымку.

Дарэчы, Сяргей Скрабец рэгістраваў сваю ініцыятыўную групу на прэзідэнцкія выбары 2006 года. Аднак неабходнай колькасці галасоў за яго вылучэнне Цэнтравыбаркам не налічыў.

Скрабец: "Я тады сядзеў за кратамі. Ведаеце, вельмі цяжка кіраваць з турмы гэтым працэсам".

С.Скрабец лічыць, што цяпер у яго ёсць час і магчымасці для нармальнай прэзідэнцкай кампаніі. У тым разе, калі будзе выбраны адзіны кандыдат ад Аб'яднаных дэмакратычных сілаў, С.Скрабец згодны весці з ім перамовы. Невядома, каго зарэгіструе ўлада, бо наяўнасць подпісаў нічога не вырашае, упэўнены палітык.