Сяргей Купрыянаў, “Газпром”: “Нашая ўмова – заплаціць”

Некалькі гадзінаў таму прэс-служба “Газпрома” паведаміла, што з 3 жніўня расійскі канцэрн скарачае пастаўкі газу ў Беларусь на 45%. Пра тое, чаму было прынятае гэтае нечаканае для нашай краіны рашэнне, у інтэрв’ю “Еўрапейскаму радыё для Беларусі” распавёў прэс-сакратар старшыні праўлення “Газпрома” Сяргей Купрыянаў:

“Рашэнне было прынятае ў сувязі з неплацяжамі за пастаўлены газ. Пазыка толькі за першае паўгоддзе сфармавалася ў аб’ёме ў 456 мільёнаў долараў.

Як вы ведаеце, Беларусі была дадзеная адтэрміноўка плацяжа. Але тэрміны, падчас якіх пазыка павінна была быць аплочаная, мінулі. Ніякіх гарантый плацяжу ў будучыні мы не атрымалі.

Таму, згодна з кантрактам, мы зараз падніжаем пастаўкі ў адпаведнасці з аплатай”.

Па словах Сяргея Купрыянава, у беларускага ўрада ёсць шанцы захаваць пастаўкі газу ў папярэднім аб’ёме:

“Нашая ўмова – заплаціць. Але мы, безумоўна, адкрытыя для перамоў. Пакуль ніякіх канструктыўных прапаноў з беларускага боку мы не бачым”.

Нагадаю, 30 ліпеня прэм’ер-міністр Расіі Міхаіл Фрадкоў адмовіў Беларусі ў крэдыце на 1,5 мільярда долараў, з якога нашая краіна збіралася пакрываць пазыку за газ. На некалькі дзён раней Беларусь адмовілася ад камерцыйнага крэдыта пад 12% на суму пазыкі, які прапанаваў нашай краіне “Газпромбанк”.

Але зараз Лукашэнку, відавочна, давядзецца знайсці грошы для “Газпрома”.

Тэкст паведамлення з сайту “Газпрома”:

У АДПАВЕДНАСЦІ З КАНТРАКТАМ “ГАЗПРОМ” СКАРОЦІЦЬ ПАСТАЎКІ ГАЗУ БЕЛАРУСІ З-ЗА НЕПЛАЦЯЖОЎ

У адпаведнасці з кантрактам аб аб'ёмах і ўмовах пастаўкі газу ў Беларусь і транзіту газу праз тэрыторыю краіны ў 2007-2011 гадах, ААТ “Газпром” накіравала ў адрас выканаўчага дырэктара ААТ “Белтрансгаз” Уладзіміра Маёрава афіцыйнае паведамленне аб скарачэнні паставак газу спажыўцам Беларусі ў сувязі з невыкананнем абавязальніцтваў па аплаце газу, пастаўленага ў першым паўгоддзі 2007 года і адсутнасцю гарантый аплаты.

Сутачны аб'ём пастаўкі газу ў Беларусь у адпаведнасці з кантрактам будзе скарочаны прапарцыйна фактычнай аплаце - на 45%, пачынаючы з 10.00 3 жніўня. У адпаведнасці з кантрактам ААТ “Белтрансгаз” абавязаны забяспечыць бесперашкодны транзіт расійскага газу па сваёй тэрыторыі ў трэція краіны.

ТАА “Газпром экспарт” таксама накіравала ў адрас замежных спажыўцоў газу паведамленне аб абмежаванні паставак газу ў Беларусь. “Газпром” зробіць усе магчымыя меры для транспарціроўкі расійскага газу праз тэрыторыю Беларусі ў поўнай адпаведнасці з наяўнымі абавязальніцтвамі перад еўрапейскімі пакупнікамі.