Сяменчанка: Парашэнка яшчэ не прадаставіў грамадзянства беларускім байцам

Нагадаем, як паведамяла Еўрарадыё, у "Данбас" запісалася нямала беларусаў. Але, каб атрымаць афіцыйны статус і мець магчымасць выконваць не дапаможныя функцыі, а ваяваць са зброяй у руках, яны мусяць мець украінскае грамадзянства. Камандаванне батальёна "Данбас" тыдзень таму папрасіла прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнку (праз міністра ўнутраных спраў) прадаставіць грамадзянства 15 байцам. Акрамя беларусаў, гэта грамадзяне Грузіі, Расіі і Іспаніі.

Камандзір батальёна Сямён Сяменчанка паведаміў Еўрарадыё, што беларусы яшчэ не атрымалі грамадзянства.

Сяменчанка: "Пакуль адказу няма. Я вычакаў дыпламатычную паўзу і цяпер непасрэдна буду звяртацца ў адміністрацыю прэзідэнта. Буду дамагацца асабістай сустрэчы. Магчыма, тэрмін яшчэ не прайшоў. Альбо гэта пакуль не робіцца з палітычных меркаванняў".

Паводле слоў Сяменчанкі, "цяпер ідуць актыўныя спробы прымірыцца з Расіяй пры дапамозе міжнародных пасярэднікаў". Ён лічыць, што гэта няправільна, бо "такое прымірэнне можа быць ці праз здачу нацыянальных інтарэсаў, ці за кошт перамогі". Што да беларусаў і іншых замежнікаў, якія жадаюць ваяваць за Украіну, дык ім могуць пакуль не даваць грамадзянства, "каб не раздражняць Расію".

У гэтай сітуацыі Сяменчанка прыняў рашэнне адпраўляць беларусаў у добраахвотніцкі батальён, які працягвае дзейнічаць у Данецкай вобласці. Пра дакладную колькасць нашых землякоў ён не кажа, адзначае толькі, што "іх вялікая колькасць, яшчэ больш чакаюць вырашэння свайго пытання".

Фота — "Беларускі партызан" , Facebook