Суздальцаў: “Сілавікі вырашылі, што калі так -- то мы ўсіх паб’ём”.

У інтэрв’ю Еўрарадыё маскоўскі палітолаг Андрэй Суздальцаў выказаў сваё меркаванне наконт падзей 25 і 27 сакавіка. Нагадаем, што 25 сакавіка праваахоўныя органы жорстка разагналі шэсце з нагоды 90-х угодкаў з дня заснавання БНР. А 27-га па ўсёй краіне спецслужбы правялі ператрусы на кватэрах і ў офісах журналістаў незалежных СМІ. На думку палітолага, гэта была рэакцыя спецслужбаў на перамовы паміж часткай кіруючай эліты Беларусі і Захадам, да якіх прадстаўнікоў спецслужбаў не дапусцілі.

Андрэй Суздальцаў: “Гэта рэакцыя сілавых ведамстваў на дыялог паміж Захадам і Мінскам. Атрымалася, што частка вышэйшай ктруючай наменклатуры ўжо нармалёва “ўпісалася” у гэты дыялог з Захадам і адчувала там сябе вельмі ўпэўнена. А сілавікі апынуліся нікому не патрэбнымі. А яны выдатна разумеюць, што імі ў выніку разлічацца з Захадам. На іх зваляць усю віну за амаль 14 год тэрору. Імі будзе забяспечанае ўваходжанне Лукашэнкі ў палітычны ландшафт Еўропы. Гэта іх рэакцыя”.

Нагадаў палітолаг і выпадак з раскрыццём БТ амерыканскай шпіёнскай сеткі ў Беларусі, што для КДБ стала непрыемнай нечаканасцю. Нягледзячы на тое, што, як высветлілася пазней, ніякіх шпіёнаў не было. У адказ спецслужбы патрэслі ворагаў рэжыму ў журналісцкім асяродку.

Андрэй Суздальцаў: “БТ нечакана раскрыла змову шпіёнаў амерыканскіх, якіх так і не знайшлі. Апынулася, што Беларускае тэлебачанне больш магутнае, чым спецслужбы. Гэта быў плявок у бок сілавікоў. Яны адказалі. А апазіцыя апынулася паміж двума жорнамі. Празаходні блок у кіраўніцтве Беларусі прывабліваў Захад выходзіць на іх і абяцаў, што ўсё будзе добра. А другі блок, які раптам апынуўся нікому не патрэбны, якім потым з Захадам разлічацца – сілавікі – вырашылі, што калі так -- то мы ўсіх паб’ём”.

Вялікае інтэрв’ю з маскоўскім палітолагам Андрэем Суздальцавым можна будзе пачуць у нашым нядзельным эфіры і пабачыць на сайце Еўрарадыё.