“Справу Шанталосава” закрылі. Ці не пачнецца “справа Туміловіча”?

Першая ў Беларусі крымінальная справа аб “купленых” футбольных матчах ціха сканала так і не дайшоўшы да суда. Перададзеную Генеральнай пракуратурай Беларусі справу ў Генпракуратуру Расіі іх калегі закрылі. Адвакаты абвінавачанага кажуць, што з футбаліста Валерыя Шанталосава цалкам знялі ўсе абвінавачванні і сцвярджаюць, што “купляў” матчы галоўны сведка па справе Генадзь Туміловіч. А ініцыятара справы галоўнага рэдактара “Прессбола” Уладзіміра Беражкова абвінавачваюць у хабарніцтве і супрацоўніцтве з МУС. Нагадаем, што крымінальную справу па артыкуле 253 “Подкуп удзельнікаў і арганізатараў прафесійных спартовых спаборніцтваў і відовішчных камерцыйных мерапрыемстваў” распачалі яшчэ ў чэрвені 2005 года. Тычылася яна двух адборачных матчаў чэмпіянату Еўропы-2004: 6 верасня Беларусь – Чэхія і 10 верасня Малдова – Беларусь. Журналісты газеты “Преcсбол” прадставілі доказы, што матчы былі “купленыя”, і Беларусь прайграла з неабходным для расійскіх букмекераў лікам — 1:3 і 2:1 адпаведна. Дамаўляўся аб куплі-продажы матчаў з футбалістамі былы галкіпер зборнай Валеры Шанталосаў. Галоўным сведкам па справе выступаў калега галкіпера па зборнай Генадзь Туміловіч.

Пастанову аб прыцягненні Шанталосава ў якасці абвінавачанага беларускія праваахоўнікі вынеслі толькі 25 сакавіка 2007 года. Галоўны рэдактар газеты “Прессбол” Уладзімір Беражкоў сцвярджаў, што заказчыкі футбольнай афёры — маскоўская мафія. Футбалістам, якім прапаноўвалі “прадаць” матч, давалі каля 40 тысяч долараў. А заказчыкі на гэтых двух матчах зарабілі каля 500 тысяч долараў.

Як паведаміў Еўрарадыё юрыдычны прадстаўнік Валерыя Шанталосава, арбітр маскоўскай калегіі суддзяў па футболе Мікалай Асташын, днямі следчыя Генпракуратуры Расіі і пракуратуры Новасібірска прызналі футбаліста цалкам не вінаватым і закрылі скандальную справу аб купленых матчах.

Мікалай Асташын: “Справу закрылі, і яго, насамрэч, прызналі не вінаватым па ўсіх пунктах. Не таму, што рускія такія добрыя, і ён некага “купіў”. Ён нікога не купляў, яго выклікалі, яму давалася мера абмежавання, згодна з заканадаўствам падчас крымінальнай справы. Гэта паказвае, што ніхто не ставіўся да Шанталоса тут лаяльна. Ніякага подкупа суддзяў і ўціску на следчыя органы не было. Так, што калі хтосьці ў Беларусі будзе пісаць іншае, гэта будзе знявагай, і ім зоймецца Міністэрства ўнутраных спраў. Я раю сумленна сказаць, што справа сапраўды расследавалася са студзеня і цяпер у яго на руках дакументы, што ён не вінаваты”.

Больш за тое, як стала вядома Еўрарадыё, пасля закрыцця справы адвакаты Шанталосава вырашылі перайсці ад абароны да нападу. Па словах прадстаўніка футбаліста, у іх ёсць падставы меркаваць, што матчы беларускай зборнай са зборнымі Малдовы і Чэхіі сапраўды “купілі”. Але не Шанталосаў, а галоўны сведка па справе Генадзь Туміловіч.

Мікалай Асташын:
“Заказчыкам і заснавальнікам “справы Шанталосава” з’яўляецца Туміловіч. І ў нас да яго будзе шмат пытанняў. Ці меў ён рацыю ўвогуле ў гэтай сітуацыі і ці не сам ён удзельнічаў у “здачы матчаў”?

Дасталася і галоўнаму рэдактару газеты “Прессбол” Уладзіміру Беражкову. Суразмоўца Еўрарадыё абвінаваціў яго ў атрыманні хабару і назваў журналіста “пазаштатным супрацоўнікам МУС”.

Мікалай Асташын: “Факт таго, што грошы ў Беражкова знайшлі ў кішэні, ён схаваў ад грамадскасці. У справе фігуруе даведка, якую выдала МУС Беларусі, што падчас затрымання ў яго кішэні знайшлі 10 тысяч еўра, памечаных МУС. Калі б ён узяў у рукі, і яго затрымалі, паклалі на асфальт – гэта адна справа. А калі ў яго дасталі з кішэні пры сведках і запісалі на відэа – зусім іншая. Мы гэту даведку апублікуем. І тое, што Беражкоў з’яўляецца пазаштатным супрацоўнікам МУС. Чым ён там займаецца, мы ведаем і хто яго прыкрываў – мы таксама ведаем. Але вам казаць не маем права, бо нас папрасілі не казаць”.

Прагучалі пагрозы і ў бок усяго беларускага футбола аб санкцыях, якія яго чакаюць з боку УЕФА.

Мікалай Асташын: “Шмат пытанняў звязана з тым, што тут задзейнічаныя зборныя Малдовы і Чэхіі. Значыцца і яны былі “купленыя”. І расследаваннем гэтага будзе займацца УЕФА”.

Паведамленню, што “справу Шанталосава” следчыя расійскай пракуратуры закрылі, галоўны рэдактар “Прессбола” Уладзімір Беражкоў не здзівіўся. Кажа, для гэтага яе туды беларускі бок і перадаваў.

Уладзімір Беражкоў: “У тым, што яна будзе закрыта, ніхто не сумняваўся. Яе і накіроўвалі ў Расію для таго, каб пахаваць”.

Абвінавачванні ў бок Генадзя Туміловіча ў “пакупцы” матчаў, журналіст назваў глупствам. Грошы, кажа ён, у кішэню яму паклалі АМАПаўцы, якіх на сустрэчу прывёз Шанталосаў. А дасталі адтуль у прысутнасці сведак не на месцы “злачынства”, а толькі па прыездзе ва Упраўленне па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю. Што ж тычыцца свайго “пазаштатнага супрацоўніцтва” з МУС, то гэта галоўны рэдактар нават каментаваць не захацеў.

Уладзімір Беражкоў: “Хай яны там кажуць усё, што заўгодна! Што я зараз апраўдвацца павінны?!”

І параіў футбольнай зборнай не звяртаць увагі ні на якія пагрозы нейкіх санкцый і магчымых праблем з УЕФА.

Абыякава паставіўся да закрыцця справы і галоўны сведка Генадзь Туміловіч. Калі ж, кажа, у пакупцы тых матчаў паспрабуюць абвінаваць яго, то на свет з’явяцца новыя факты і сведчанні.

Генадзь Туміловіч: “Хай абвінавачваюць, а там паглядзім. Зараз я нічога не магу сказаць. Але тады з’явяцца іншыя доказы і сведчанні”.

Праўда, удакладняць, што гэта за доказы не стаў, як не стаў казаць, чаму яны не патрапілі адразу ў матэрыялы “справы Шанталосава”.