Самалійскія піраты прынялі ваенны карабель за гандлёвы човен

Тры самалійскія піраты былі забітыя ў часе спробы захапіць ваенны карабель, які яны прынялі за гандлёвы човен. Увечары 12 лістапада колькі піратаў на катэры нагналі карабель ваенна-марскіх сілаў Кеніі, які выконваў патруляванне, і паспрабавалі ўзняцца на борт. Але ж вайскоўцы аказалі ім адпор. Піраты, якіх не дасягнулі кулі, здолелі ўцячы. Выпадкі нападаў піратаў на гандлёвыя чаўны апошнім часам пачасціліся. Так, за 2009 год было зафіксавана 406 такіх інцыдэнтаў, прычым большасць з іх адбылася ў раёне Самалі. Паводле розных звестак, самалійскія піраты ўтрымліваюць у закладніках ад 438 да 570 чалавек і амаль тры дзесяткі караблёў, паведамляюць інфармагенцтвы.