Сацыяльныя акцыі прайшлі ў Брэсце і Гродне, ў Дружным адбылося затрыманне

Сёння ў Беларусі праходзяць сацыяльныя акцыі, арганізаваныя актывістамі апазіцыйных партый і арганізацый. Большасць з іх - несанкцыянаваныя. З 800 заявак на сацыяльныя пікеты ўлады ўхвалілі толькі дзве – у Магілёве і Оршы. Нагадаем, акцыі праводзяцца напярэдадні адмены ў Беларусі сацыяльных льготаў. У Брэсце ў сацыяльнай акцыі прынялі ўдзел каля 100 чалавек. Прайшлі несанкцыянаваныя мерапрыемствы ў Гродне і Мінску. Пакуль вядома толькі пра адно затрыманне.

Вось што паведаміў Еўрарадыё адзін з лідэраў Партыі камуністаў беларускай Валерый Ухналёў:

“Вялікіх праблемаў не было, акрамя таго, што зноў затрымлівалі Сяргея Абразоўскага, кіраўніка Мінскай абласной арганізацыі Партыі камуністаў, які арганізаваў у пасёлку Дружны Пухавіцкага раёна недазволеную акцыю супраць адмены льготаў і будаўніцтва там хімічнага завода”.


Паводле некаторых звестак, Абразоўскі ўжо адпушчаны.

У 14 гадзінаў у Магілёве пачнецца дазволены ўладамі пікет. Ён пройдзе каля Дома культуры завода “Хімвалакно”, у традыцыйным месцы правядзення падобных акцый.