Рускія неафашысты прыгразілі Мірону расправай

Чацвёра віцебскіх апазіцыянераў атрымалі лісты з пагрозамі.
Ад імя незарэгістраванай арганізацыі “Русское национальное единство” (РНЕ) невядомыя пагражаюць беспартыйным грамадскім актывістам Барысу Хамайду і Сяргею Каваленку, а таксама сябрам КХП БНФ Яну Таўпыгу і Яну Дзяржаўцаву.

Лісты прыйшлі ў мінулую пятніцу па пошце на хатнія адрасы. Да кожнага з адрасатаў неафашысты звяртаюцца як да "Мірона" і пагражаюць фізічнай расправай у выпадку, калі ў Віцебску яшчэ хоць аднойчы з'явіцца бел-чырвона-белы сцяг.

Сёння Ян Дзяржаўцаў звярнуўся з заявай у пракуратуру, паколькі лічыць гэтую пагрозу замахам на сваё жыццё. Неўзабаве звярнуцца да праваахоўных органаў збіраецца і Ян Таўпыга.

У мінулым годзе лісты з пагрозамі ад імя РНЕ атрымалі актывістка АГП Алена Залеская, загадчыца літаратурнай часткай тэатра "Лялька" Вікторыя Дашкевіч і рэдакцыя незалежнай газеты "Віцебскі кур'ер".

Паводле Уладзіміра Базана, які у той час быў рэдактарам "Віцебскага кур'ера", у міліцыянты адмовіліся распачынаць крымінальную справу па гэтым факце.

Спадару Базану міліцыянты патлумачылі, што пагрозы паступілі ад імя арганізацыі, якая афіцыйна у Беларусі незарэгістравана, а значыцца — не існуе.

Ядвіга Сташэўская, Еўрарадыё, Віцебск


На фота: грамадскі актывіст Барыс Хамайда з лістом ад РНЕ