Жалобы па Чавесу няма: сцягі прыспушчаны, забаўляльныя праграмы не ідуць

130307_martin_ugo.mp3

На будынках дзяржаўных устаноў прыспушчаныя сцягі, а на дзяржаўных каналах адмяняюць забаўляльныя перадачы. Але жалобы ў краіне няма, здзіўляюць Еўрарадыё ў прэс-службе кіраўніка краіны.

Супрацоўнік прэс-службы: “Жалоба не абвешчаная. Гаворка ішла аб тым, каб прыспусціць сцягі”.

Cпушчаныя сцягі — гэта і ёсць адна з прыкмет абвешчанай кіраўніком краіны жалобы, гаворыць былы суддзя Канстытуцыйнага суда Валеры Фадзееў:

“Я глядзеў закон “Аб дзяржаўнай сімволіцы”. Дзяржаўны сцяг прыспускаецца і завязваецца чорная стужка, калі прэзідэнт абвесціць жалобу. Гэта мусіць быць загад ці распараджэнне прэзідэнта”.

І сапраўды, закон паўтарае словы былога суддзі: “Падчас жалобы, абвешчанай прэзідэнтам Беларусі, дзяржаўны сцяг прыспускаецца на 1\3 даўжыні флагштока”.

Сцягі прыспушчаны, але чорнай стужкі няма. Неафіцыйная жалоба, атрымліваецца, бо апошні загад кіраўніка краіны выходзіць 4 сакавіка, яшчэ да вестак аб смерці Уга Чавеса.

Але з дзяржаўных каналаў прыбіраюць забаўляльныя перадачы, паводле рэкамендацыі кіраўніка краіны.

“Тэлекампаніі рэкамендавана выключыць забаўляльныя праграмы. Мы прытрымліваемся гэтых рэкамендацый”, — суха паведамляюць у Белтэлерадыёкампаніі і не ўдакладняюць, як моцна пацярпеў забаўляльны эфір.

У звычайнай мінскай школе, нягледзячы на неафіцыйную жалобу, святкуюць Міжнародны жаночы дзень, бо 8 сакавіка на носе.

“Канцэрт праходзіць, выступаюць навучэнцы, сябры, настаўнікі. У любым выпадку свой калектыў трэба віншаваць. Учора дзеці віншавалі сваіх настаўнікаў”, — адказваюць у школе.

У Гомельскім абласным драмтэатры з-за неабвешчанай жалобы адмянілі святочны канцэрт. У райвыканкаме так вырашылі, паведамілі ў тэатры.

“Райвыканкам гэта праводзіць, і яны сказалі адмяніць. Сказалі, што, здаецца, пераносіць гэтае мерапрыемства не будуць”, — патлумачылі ў тэатры.

А кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка з-за смерці Уга Чавеса пераносіць традыцыйны ўрачысты прыём у гонар Дня жанчын і… вылятае ў Каракас на пахаванне венесуэльскага лідара.