За Васілём Парфянковым устаноўлены прэвентыўны нагляд
Ён прызначаны на 12 месяцаў. Такое рашэнне 5 студзеня прыняў суд Першамайскага раёна Мінску.
Як паведамляе праваабарончы сайт "Вясна", з ініцыятывай выступіў начальнік Першамайскага РУУС сталіцы. На яго думку, былы палітвязень “на шлях выпраўлення не стаў”.
Нагадаем, што Васіль Парфянкоў быў асуджаны на 4 гады пазбаўлення волі па "справе 19 снежня". Разам з некаторымі іншымі палітвязнямі яго вызвалілі. Пасля гэтага ён быў пастаўлены на прафілактычны ўлік у Першамайскім РУУСе па месцы жыхарства.
Прэвентыўны нагляд прадугледжвае пэўныя абмежаванні. Па-першае, Парфянкоў абавязаны чатыры разы на месяц з’яўляцца ў орган унутраных спраў па месцы жыхарства для рэгістрацыі. Па-другое, яму забаронена пакідаць сваю кватэру з 20.00 да 6.00, за выключэннем часу знаходжання па месцы сталай працы. Па-трэцяе, хлопцу забаронена выязджаць за межы горада па асабістых справах без узгаднення з органамі ўнутраных спраў.