За што ідэйныя камуністы не любяць беларускую ўладу?

Як вядома, ленінскія ідэалы ўжо даўно прайгралі ў сусветнай геапалітычнай барацьбе. Як дзяржаўнае свята дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі адзначаецца толькі ў Кіргізіі і Беларусі.

Здавалася б, свядомыя камуністы павінны абагаўляць беларускую ўладу за такую ўвагу да Леніна.

У сераду сёмага лістапада беларускія камуністы розных кірункаў і адценняў ушаноўвалі вянкамі, гваздзікамі і ружамі помнік правадыру сусветнай рэвалюцыі ля Дома ўрада.

Першымі гэта з помпай зрабілі прадстаўнікі Камуністычнай партыі Беларусі. На плошчу прывялі не толькі актывістаў, але і піянераў, іншых школьнікаў і студэнтаў (відаць, не абышлося без адміністрацыйнага рэсурсу), урачыста апранутых салдат. Моладзь, праўда, цьмяна адказвала на журналісцкія пытанні пра Кастрычніцкую рэвалюцыю і мала што ведала пра Леніна. Усяго прыйшло каля тысячы чалавек.

Гэтыя камуністы па-сяброўску адгукнуліся наконт дзейнай беларускай улады, ухвалілі дзяржаўны курс: “Зараз не час для рэвалюцый”. Усклалі кветкі і разышліся.    

У чарзе стаялі іншыя “чырвоныя” прадстаўніцтвы. Сябры Усесаюзнай камуністычнай партыі бальшавікоў прыйшлі з партрэтамі Леніна і… Сталіна.

Для іх ідэалы беларускага адраджэння, існаванне беларускай нацыі і незалежнай дзяржавы ― контррэвалюцыя. 

За Радзіму! За Сталіна! Калі ён памёр, плакалі ўсе. Па радыё калі аб’явілі, дзесьці гадзіне а шостай раніцы, я стаю, матуля мая і бацька-франтавік:  слёзы на вачах”, ― эмацыйна распавядае пра Сталіна актывіст Генадзь Раманавіч. Яму было 10, калі “правадыр народаў” памёр.

Сталін і Ленін для гэтых людзей зацьмілі ўсіх ― нават Аляксандра Лукашэнку.

“Як вы ўсе ведаеце, у выніку здрады на тэрыторыі Савецкага саюза 21 год таму здарыўся контррэвалюцыйны пераварот. Уладу захапіла буржуазія, ―ходзіць злева-направа ля помніка Леніну Васіль Зелікаў, старшыня бюро ЦК УКПБ па Беларусі і Калінінградскай вобласці. ― Кажуць пра беларускую мадэль. Аднак што такое беларуская мадэль? Гэта ўсё той жа самы капіталізм ”.

Цікавімся ў актывіста Аляксандра Пятровіча, што ён думае пра дзейную ўладу. Можа, яго лідар зайшоў занадта далёка ў сваіх выказваннях?  

Адмоўна, буржуазная ўлада. 100 працэнтаў, я магу вам давесці, ― рэжа Аляксандр Пятровіч. У пачатку красавіка на лецішчы быў. Перадаюць: скончылася падача дэкларацый аб прыбытках. І карэспандэнт пытаецца, хто сплаціў самы вялікі падатак. Прадстаўнік падатковай сказаў, што 230 мільёнаў рублёў падатку аднаго! Колькі ж мільярдаў буржуй паклаў у кішэню?!”

Пасля УКПБ эстафету перахапіла Беларуская партыя левых “Справядлівы свет”. Для дзейнай улады ― безапеляцыйная апазіцыя. Праўда, транспарантаў, партрэтаў і залішніх прамоваў не было. І без гэтага на плошчы хапала сілавікоў, якія правяралі людзей, нібыта на плошчу прыйшлі  футбольныя хуліганы. А ў журналістаў перапісвалі асабістыя дадзеныя з пасведчанняў. Сталіну б спадабалася.  

Намеснік старшыні партыі Валерый Ухналёў асцярожна прамовіў пра ленінскія ідэалы.

Валерый Ухналёў: “Тое, што ў нас у Рэспубліцы не ўсе ідэі ўвасабляюцца, і не так, як бы мы хацелі і як думаем, напэўна, нам яшчэ трэба будзе многае зрабіць для таго, каб гэтыя светлыя ідэі дабрыні, справядлівасці і шчырасці здарыліся для ўсіх людзей… ”

Некаторыя камуністы з плошчы Незалежнасці дайшлі да будынку КДБ, насупраць якога ўшанавалі бюст ідэолага чырвонага тэрору Фелікса Дзяржынскага. Так каля адзінаццаці гадзін раніцы ўсе святкаванні Кастрычніцкай рэвалюцыі былі скончаны.