За распіццё піва на вуліцы могуць аштрафаваць на 120 бутэлек!
Штрафы вырастуць утрая, але менш парушаць беларусы не будуць?
За праезд у аўтобусе без квітка - штраф менш за долар, а праязны амаль у 10 разоў даражэйшы - пасля дэвальвацыі некаторыя штрафы сталі проста смешнымі. З 1 красавіка базавая велічыня складзе 100 тысяч рублёў і зайцаў будуць штрафаваць на 20 тысяч рублёў. Але і гэта танней за праязны.
"Сапраўды "зайцам" складаней будзе. Але як бы там ні было, 20 тысяч — гэта таксама пэўная сума", — мяркуе кіраўнік кантрольна-рэвізійнай службы "Мінсктранса".
У "Мінсктрансе" кажуць, што за апошні год колькасць безбілетнікаў асабліва не павялічылася, нягледзячы на смешныя штрафы: штрафуюць каля 15-17 тысяч за месяц. Да таго ж, гэтыя выплаты ідуць на карысць дзяржавы, а не транспартнікам.
Парадаксальная сітуацыя склалася з аўтамабільнымі штрафамі. Напрыклад, за язду без страхоўкі сёння штрафуюць на 16 еўра, а сама страхоўка каштуе 44 еўра. З 1 красавіка за незастрахаванае аўто давядзецца заплаціць ужо 46 еўра.
За дробныя парушэнні, як непрышпілены рамень, ці мінімальнае перавышэнне хуткасці цяпер могуць даць ад папярэджання да 100 тысяч штрафа.
За перавышэнне больш чым на 30 кіламетраў штраф будзе ад 200 тысяч да 1 мільёна. За паўторнае — ад 500 тысяч да 1,5 мільёна. Штраф за кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане раней быў проста ніякі: ад 50 да 100 еўра. Павялічыцца амаль у 3 разы!
Але, на думку кіраўніцы прэс-службы Мінскай ДАІ Жанны Трайно, памер штрафаў не надта ўплывае на колькасць парушэнняў.
"Нават калі павялічваліся штрафы ці рабілася больш жорсткай адміністратыўная адказнасць, то ў колькасці парушэнняў асаблівай розніцы не было. Галоўнае — гэта не памер штрафу, а непазбежнасць пакарання".
Штраф за прастытуцыю, цяпер ад 600 тысяч да 1,2 мільёна (да 100 еўра), а было ўвогуле 20-40 еўра.
Па словах аналітыка Сяргея Чалага, базавая велічыня — элемент інфляцыйнай эканомікі. Паколькі рубель нестабільны, то вызначаць штрафы ў рублях нязручна.
"Гэта ўсё спадчына інфляцыйнай эканомікі. Спачатку ў нас усё было ў грошах. Потым стала зразумела, што інфляцыя вельмі высокая і вырашылі прывязаць да таго, што можна будзе пастаянна змяняць. Да мінімальнага заробка прывязалі. Ён тады быў сапраўды мінімальным, такія яшчэ недзе плацілі. Але потым і мінімальны заробак пачаў адставаць".
Дарэчы, будзьце ўважлівыя, бо за распіццё піва на вуліцы з 1 красавіка могуць аштрафаваць нават на 800 тысяч. Гэта шэсць скрыняў айчыннага піва, ці 120 бутэлек!
Цяпер сярэдні заробак складае каля 70 базавых, а па новым курсе будзе 24 базавых, а год таму ён быў 40 базавых велічыняў.
Дасье Еўрарадыё: Апошні раз базавая велічыня змянялася ў канцы 2007 года, тады яе паднялі на 2 тысячы і дагэтуль яна складае 35 тысяч рублёў. Дарэчы, з 2002 па 2004 гады базавую мянялі па 3 разы на год, у 2005 два разы, потым адзін раз у 2006.