За год турысты пакінулі ў Беларусі 150 мільёнаў долараў
Міністэрства спорту і турызму плануе прыцягнуць у нашу краіну каля мільёна замежнікаў, якія адпачываюць у Літве і Латвіі, на памежжы з Беларуссю.
Праз пяць гадоў Міністэрства спорту і турызму плануе зарабляць на турыстах да 500 мільёнаў долараў у год. Сёння ж гэтая лічба ў 3,5 разы меншая. Пра гэта ў размове з Еўрарадыё распавёў намеснік міністра па спорту і турызму Чэслаў Шульга.
Чэслаў Шульга: "За мінулы год экспарт турыстычных паслуг склаў крыху больш за 150 мільёнаў долараў. Каля 57% турыстаў замовілі квіткі наўпрост і прыехалі ў гасцініцы. Змяншаецца колькасць замежнікаў, якія набываюць турыстычныя паслугі праз тураператараў і турагентаў".
Больш за ўсё турыстаў сёння едуць да нас з Расіі, адзначае намеснік міністра. Многія нават скупляюць сядзібы, каб адпачываць у Беларусі ўлетку.
Чэслаў Шульга: “З Расіі — 45% ад усіх турыстаў. Гэта санаторнае лячэнне, гэта экскурсійныя праграмы, транзіт. Многія карыстаюцца аўтобуснымі турамі і едуць праз нас у Еўропу, на выходныя ў Сілічы прыязджаюць”.
Едуць турысты не толькі з Масквы, але і са Смаленску, і з Пскова. Адразу пасля Расіі ў топ жадаючых паехаць на адпачынак у Беларусь трапіла Турцыя. Адтуль да нас прыязджае нават больш, чым з суседніх заходніх краін.
“Турцыя па дынаміцы апярэдзіла нават Польшчу і Літву. Пасля Турцыі ідзе Германія, потым Вялікабрытанія і Японія”, — сцвярджае Чэслаў Шульга.
Каб прыцягнуць увагу турыстаў, трэба разнастаіць турыстычныя праграмы, апавядае Чэслаў Шульга. Паводле чыноўніка, сёння замежнікі цікавяцца лячэбным турызмам, таму трэба развіваць яшчэ і экалагічны накірунак.
Чэслаў Шульга: “Сёння наш прыродны рэсурс па-за канкурэнцыяй. Мы разлічваем развіваць вазёрны, рачны адпачынак, паляўнічы турызм”.
Што да агратурызма, Чэслаў Шульга наракае на тое, што ў раёнах не хапае гасцінічных месцаў. Гатэлі занятыя тымі, хто прыязджае ў камандзіроўку ці па працы, а турыстам месца нестае.
Завабіць падарожнікаў у Беларусь можна дзякуючы камбінаванаму турызму. Амаль мільён турыстаў адпачывае ў Латвіі, Літве, на памежжы з Беларуссю. А да Беларусі яны не даязджаюць, шкадуе намеснік міністра.
Чэслаў Шульга: “Маюцца на ўвазе туры, якія пачынаюцца ў Літве, там і заканчваюцца. Мы маглі б папрацаваць, каб гэтыя людзі хаця б на дзень прыехалі да нас. Што сёння ехаць ад Вільні да Мінска!? 180 кіламетраў — гэта зусім не шмат. Амаль мільён турыстаў адпачываюць у Літве і Латвіі, на памежжы з Беларуссю”.
Дарэчы, групавая віза для кампаніі ад 6 чалавек каштуе для еўрапейцаў 10 еўра. Аднак, на думку Чэслава Шульгі, гэта не самая галоўная перашкода для падарожнікаў.
Чэслаў Шульга: “Кошт візы мае не самае важнае значэнне мае. Турысты кажуць, асноўнае, каб адразу на мяжы можна было атрымаць дакумент, чым чакаць дзень ці два без дакументаў. Так рэагуюць на візавы рэжым турысты, якія прыязджаюць да нас з Заходняй Еўропы”.
Фота: www.poiskturov.by