За два тыдні кошты на адпачынак у Беларусі падскочылі на 300 тысяч

Расійскія турысты плацяць за адпачынак у Беларусі больш, чым беларусы. Даводзіцца пераплачваць у сярэднім 500-600 тысяч рублёў.


“Расіянам даражэй. Мінімум на 30 %. 1,7 мільёна – сярэдняя цана для беларусаў”, - распавядае супрацоўніца мінскага турагенцтва. Пры гэтым расіянам за тое ж месца давядзецца заплаціць да 2 мільёнаў.


У турагенцтве Еўрарадыё патлумачылі, што кліенты санаторыяў дзеляцца на рэзідэнтаў і нерэзідэнтаў. Пад рэзідэнтамі разумеюцца беларусы. А вось расіяне ў спіс рэзідэнтаў не ўваходзяць, нягледзячы на сяброўства і саюзную дзяржаву, зазначаюць у турфірме.


А у некаторых санаторыях турысты з Расіі пераплачваюць нават палову “беларускай” цаны!


“На 14 дзён – 1 мільён 260 тысяч. У кошт уваходзіць пражыванне і трохразовае харчаванне. Для грамадзян Расіі ў нас іншыя цэны. На 14 дзён гэта будзе 17 тысяч 780 расійскіх рублёў”, - гаворыць супрацоўніца агенцтва.


У пераліку на беларускія рублі гэта будзе больш за два мільёны, што амаль у два разы даражэй, чым цана для беларусаў. Але, нягледзячы на пераплату, 80% турыстаў у беларускіх санаторыях – расіяне.


Пры гэтым у расійскіх санаторыях цана для ўсіх аднолькавая. Еўрарадыё звярнулася ў расійскае турагенцтва і запытала, колькі будзе каштаваць адпачынак у санаторыях Калінінграда.


“Цана 1050 расійскіх рублёў за суткі. Гэта цана з лячэннем за суткі, з трохразовым харчаваннем”, - кажа аператарка расійскай турфірмы.


Калі падлічыць, колькі будзе каштаваць 14 дзён у гэтым санаторыі, то атрымаецца 14700 расійскіх рублёў ці 2 мільёны 300 тысяч у пераводзе на беларускія грошы. Што ўсё адно даражэй, чым у большасці беларускіх санаторыяў.


На сёння вольныя нумары на беларускіх турбазах пакуль ёсць, а вось у санаторыях ужо амаль няма. Пры гэтым многіх людзей пужаюць цэны на беларускі турызм, распавядае супрацоўніца агенцтва “Аўтаматызаваныя тэхналогіі турызма”.


“Цэны змяняюцца ў апошні тыдзень. Калі браць двухмесны нумар санаторыя “Лясныя азёры”, то на чэрвень там цана ўжо 1 мільён 366 тысяч – гэта на 12 дзён. А дагэтуль было 1 мільён 50 рублёў”.


У санаторыях на Браслаўскіх азёрах месца ў двухмесным нумары цягам 12 дзён будзе каштаваць у раёне 1,2 мільёна рублёў, кажуць у турфірме. Прычым вольныя месцы засталіся на сярэдзіну ліпеня, бо раней усё ўжо забраніравана.

Пры гэтым, паехаць у Крым беларускаму турысту выйдзе танней, чым адпачыць у Беларусі.


“У Андрэеўцы ў нас гасцініца. Стандартная эканамічная гасцініца. Мы прапаноўваем тур на аўтобусе на 10 начэй. Па кошце гэта будзе 215 долараў без харчавання, але з праездам”, - распавядае аператарка турфірмы.


Такім чынам, крымскі курорт ля мора абыдзецца на 75 долараў танней, чым адпачынак ля беларускага возера!


Гэтым летам за 10-дзённы адпачынак у Турцыі беларускі турыст заплаціць 800 - 1000 долараў, а з’ездзіць на 10 дзён у Палангу будзе каштаваць каля 260 еўра.

Фота: lo-vista.biz