За аварыю на "Бэнтлі" Міхаіла Захарава пазбавілі правоў на 3 гады

Трэнер "Юнацтва" Міхаіл Захараў пазбаўлены правоў на 3 гады. Так хакейнага адмыслоўцу пакаралі за аварыю, у якую ён нападпітку трапіў на ўласным "Бэнтлі Кантыненталь" раніцай 12 чэрвеня.

Акрамя таго, трэнер "Юнацтва" мусіць сплаціць штраф у 1 мільён 225 тысяч рублёў (35 базавых велічыняў). Гэта максімальны штраф за парушэнне, якое ўчыніў Захараў.

Нагадаем, каля 5 гадзіны 12 чэрвеня "Бэнтлі Кантыненталь" Захарава сутыкнуўся на праспекце Пераможцаў з "Лексусам" з расійскімі нумарамі. Па словах трэнера, расіяне не мелі да яго матэрыяльных прэтэнзіяў. Але "дамовіцца на месцы" не атрымалася: у крыві кіроўцы "Бэнтлі" утрымлівалася 1,03 праміле алкаголя.

17 чэрвеня, падчас прэс-канферэнцыі для беларускіх медыяў Аляксандр Лукашэнка паабяцаў, што Міхаіл Захараў атрымае "на ўсю катушку". Але ў "Юнацтве" кажуць, што без "колаў" ён не застанецца: у трэнера ёсць службовы аўтамабіль. Са спасылкай на крыніцы ў "Юнацтве" газета "Комсомольская правда в Белоруссии" піша, што ў клуб Міхаіла Міхайлавіча прывозіў уласны кіроўца. Еўрарадыё ж заўважыла яго на пасажырскім месцы чорнага "Кадылака", якім кіравала сяброўка трэнера Марына.