Януковіч: Няма ў нас ніякай перспектывы — давядзецца ўцякаць
На радзіме продкаў прэзідэнта Украіны засталіся жыць тры чалавекі ў дзвюх хатах. І тыя могуць доўга ў Януках не затрымацца.
Сайт WikiLeaks апублікаваў данясенне амерыканскага пасла з Кіева пра яго сустрэчы з Віктарам Януковічам у 2006 годзе. Цікавыя дакументы, у якіх распавядаецца, як некалькі гадоў таму Януковіч наведаў вёску Янукі, дзе нарадзіўся яго прадзед, пабачыў, як бедна яна жыве, і вырашыў дапамагчы мясцовым жыхарам.
Паводле WikiLeaks, украінскі прэзідэнт даў грошай на новыя электратрансфарматары, каб палепшыць электразабеспячэнне дома састарэлых і павялічыць даходы мясцовых фермераў. Аднак губернатар Віцебскай вобласці паводле загаду кіраўніка краіны нібыта заблакаваў спробы дапамагчы вёсцы.
Еўрарадыё датэлефанавалася жыхарцы Янукоў Марыі Януковіч і даведалася, як яны жывуць цяпер.
Еўрарадыё: Ці ведаеце вы, што продкі прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча паходзяць з вашай вёскі?
Марыя Януковіч: Канешне! І ганарымся гэтым!
Еўрарадыё: А ці ведаеце вы, што некалькі гадоў таму Януковіч хацеў дапамагчы вашай вёсцы і нават выдзяліў грошы на набыццё трансфарматараў, каб святло правесці, яшчэ нейкае абсталяванне? Чулі што пра гэта?
Марыя Януковіч: Не, пра гэта я не чула. Ніхто тут у нас нам такога не казаў. А святло... Слупы ж нам-такі вось паставілі, а трансфарматар гэты дык у нас ёсць у Януках. А слупы паставілі, і па цэнтральнай дарозе будзе лінія.
Еўрарадыё: Слупы паставілі як даўно?
Марыя Януковіч: Да вось толькі-толькі — яшчэ нават правады не нацягнулі.
Еўрарадыё: А як жа вы без святла жылі?
Марыя Януковіч: Не, святло ў мяне ёсць! Яны проста ў іншае месца пераносяць гэтыя слупы, бо тут ужо нібыта кустоў няма, яны мне так тлумачылі. Тут ужо чыстая дарога і ім не будзе перашкодаў — а тут перашкаджаюць кусты, праз якія да мяне святло праходзіла.
Еўрарадыё: А што бы хацелі: калі б Януковіч даў грошай, што б вы зрабілі ў вёсцы?
Марыя Януковіч: Мы б хацелі, каб нешта ў нас пабудавалі, каб было больш у нас людзей. А то ў нас няма тут нікога! Бо засталіся ў нас толькі дзве хаткі: тыя старыя і мы — крыху маладзейшыя. І няма тут у нас ніякай, як кажуць, перспектывы: давядзецца ўцякаць. А то што ж мы, застанемся адны? Тыя ж ужо старыя, пад 80 гадоў. Канешне, хацелася б, каб нешта тут у нас было, хацелася б мне тут ужо дажыць. Каб былі тут хаткі, каб з’явіліся ў нас тут людзі! Вось гэтага б я хацела.
Еўрарадыё: А дзе вы там зараз працуеце?
Марыя Януковіч: Зараз я ўжо на пенсіі. А працавала паштальёнам — 30 гадоў адпрацавала паштальёнам.
Еўрарадыё: Я так разумею, што ў вас там нават крамы няма?
Марыя Януковіч: У Януках крамы няма — да нас прыходзіць аўтакрама. А крама — у Гарадзішчы, калі па дарозе ісці, то недзе кіламетры чатыры. І сельсавет у нас ёсць — у Ваўкалатах.
Еўрарадыё: Ведаю, што Януковіч нават прыязджаў да вас у госці. Можа, па чарцы выпілі ўкраінскай "горілкі"?
Марыя Януковіч: Бачыла я яго — два разы ён да нас прыязджаў (у 2002 і 2006 гадах — Еўрарадыё), і я яго бачыла. Але нічога такога ён не прывозіў — дзецям толькі нейкага гасцінца прывёз і ўсё. Ён жа ж прыязджаў не адзін — прыязджала кіраўніцтва разам з ім. Дык ён тут у нас хвілін 10-15 пабыў і паехаў.
Еўрарадыё: А ён хоць з кім з мясцовых пагаварыў? Хоць пару словаў каму з простых людзей сказаў ці не?
Марыя Януковіч: Каб ён прыехаў адзін, то мы можа б з ім і пагаварылі. А так там і докшыцкія кіраўнікі, і віцебскія — дзе ж ён з намі... Гаварыў нешта троху з людзьмі, але ж нічога ён тут такога не сказаў. Вось, ён проста паглядзеў, што тут няма асабліва людзей. Мая хатка, дык яшчэ з большага нармальная, а ў старой — дык там і хатка ў яе не важная. Ну, паглядзеў ён на гэта, а што ён там думае — я ж не ведаю!
Еўрарадыё: А раптам запрапанаваў бы вам украінскае грамадзянства, каб паехалі жыць ва Украіну?
Марыя Януковіч: Вой, я ўжо прывыклая тут! І дзеці мае тут, і сябры іхнія — яны не захочуць!
Еўрарадыё: Ведаеце, пішуць, што Януковіч нават даў грошай, каб нешта тут у вас зрабілі. Можа, дарогу лепшую, нейкія там трансфарматары паставілі. Але беларусы ад Януковіч ні капейкі, ні грыўны не ўзялі...
Марыя Януковіч: Ага, ну, зразумела. Але троху ж парадак навялі — кусты павыдалялі, дарогу троху адрамантавалі. Цяпер хоць аўтакрама прыходзіць да хаты, а то раней дарога была дрэнная і аўтакрама ўзімку і увосень не даходзіла.
Фота: Еўрарадыё