Як кормяць беларускіх алімпійцаў?
У суткі на харчаванне аднаго спартоўцы выдаткоўваецца каля 200 тысяч беларускіх рублёў.
“Фруктаў давалі шмат, арэшкі, шакалад, мяса, курыцу, рыбу”, — распавядае пра харчаванне ў "Стайках" Дзмітрый, трэнер і муж алімпійскай чэмпіёнкі Юліі Несцярэнкі. Тут яны рыхтаваліся да Лондану. Цяпер жа спартсменка праводзіць трэніровачны збор у сталіцы.
Дзмітрый Несцярэнка: "Бадзяемся па сталоўках. Толькі менш тлустага спажываем, чым звычайныя людзі".
Еўрарадыё: А на вячэру што ясце?
Дзмітрый Несцярэнка: "Бывае па-рознаму. Альбо курыцу з салатай, без гарніра, альбо кавалачак мяса, з салатай: з радыскі, кропу, пятрушкі, цыбулі.
Спажываем паменш тлустага. У розныя перыяды часу — больш вугляводаў ці больш бялкоў".
Далікатны рэжым харчавання тэнісіста Макса Мірнага кантралюе ягоны бацька Мікалай.
Мікалай Мірны: "На ўсіх буйных спаборніцтвах я асабіста гатую яму і сняданак, і абед, і вячэру".
За дзень да матчу Максім Мірны не дакранаецца да некаторых прадуктаў. Напрыклад, не есць... мяса.
Мікалай Мірны: "Ён ніколі не будзе есці мяса напярэдадні матчу. Для яго гэта цяжкае харчаванне, і ён у найлепшым выпадку з’есць пасту, фаршыраваную нейкімі соўсамі альбо крэветкамі. Альбо рыс ён можа ўжыць без мяса, але з рыбай".
Брамнік нашай алімпійскай футбольнай зборнай Аляксандр Гутар таксама падкрэслівае, што спажыванне некаторых прадуктаў залежыць ад таго, ці гуляе каманда ў той ці іншы дзень.
Аляксандр Гутар: "Напрыклад, перад гульнёй у футбалістаў усё раскладзена па паліцах: чым снедаць, чым абедаць. Калі гуляем позна, напрыклад, гадзіне а сёмай-восьмай, то ў нас ёсць другі абед, як бы полудзень".
На “балетнай” дыеце футбалісты не сядзяць, але ад тых ці іншых прысмакаў часам адмаўляюцца.
Аляксандр Гутар: "Даводзіцца пазбягаць чаго-небудзь салодзенькага. Таму што ад гэтага ў кагосьці набіраецца вага, з’яўляюцца тлушчы. Ну а так, каб сядзець на адной траве, есці адныя салаты, такога, канешне, няма".
Найлепшы трэнер мінулага года па боксе Канстанцін Маханькоў і яго вучань Сяргей Карнееў у дадзены момант знаходзяцца на зборах у польскіх гарах. Налягаюць на тварог і мёд.
Канстанцін Маханькоў: "Гэта сытны сняданак: мяса, салаты, тварог, мёд. У поўдзень гэта палова таго сняданку. Каб наесціся, але не аб’есціся. І на вячэру — гэта садавіна. Таксама спартовае харчаванне: амінакіслоты і гэтак далей".
Канстанціну Маханькову даспадобы шведскі стол, які арганізавалі на польскай базе. У Беларусі спартсменаў кормяць па-іншаму.
Канстанцін Маханькоў: "У "Стайках" што табе далі — тое ты і ясі. А тут ты на месцы выбіраеш усё, што табе патрэбна. Для гэтага мы сюды і прыехалі. І паветра тут напоўненае байцоўскім духам".
Як даведалася Еўрарадыё, паводле беларускіх нарматываў у дзень на харчаванне аднаго алімпійца выдаткоўваецца блізу... 200 тысяч рублёў. У тых жа “Стайках” ежа гатуецца на італьянскім абсталяванні. Да кожнага алімпійца індывідуальны харчовы падыход.
"Некаторыя супрацоўнікі нашай сталоўкі ўжо чатыры-пяць алімпійскіх цыклаў прапрацавалі. І ўвесь час маюць справу толькі са спартоўцамі. І мы кожнага з іх ведаем: што ён любіць, што ён не любіць, — распавядае дырэктар алімпійскага комплекса “Стайкі” Алег Сполан. — Выконваем любы іх капрыз: калі ласка, замаўляй усё, што ты хочаш, а мы прыгатуем”.
Арганізаваць у “Стайках” харчаванне накшталт шведскага стала сёння немагчыма з-за спецыфікі заканадаўчай базы і праверак: прадстаўнікі кантралюючых органаў могуць нават узважваць порцыі спартсменаў.
Але адсутнасць шведскага стала, на думку Алега Сполана, — гэта не праблема. Бо галоўнае — гэта якасць страваў.
Алег Сполан: "Дастаткова, каб харчаванне было збалансаванае: неабходная колькасць калорый была там, бялкі, тлушчы, вугляводы, вітаміны. Асноўная наша задача — людзей накарміць. Каб яны былі сытыя і маглі працаваць. І каб не было ніякіх атручванняў.
Зараз чэмпіянат Еўропы па футболе. І каманда Украіны ў сябе на радзіме атруцілася і ляжала пад кропельніцамі. Вось гэта праблема харчавання”.