Педагогу зрэзалі прэмію, бо... няма росту па піянерах

120510 Martin 6kola.mp3

Педагогу-арганізатару з мінскай школы зрэзалі 700 тысяч прэміі за… нізкія паказчыкі па піянерах. А гэта… траціна заробка!

“Выклікала завуч і сказала, што нізкі рост па піянерах. Маўляў, вы атрымоўваеце прэмію за высокія паказчыкі, каля… 700 тысяч. Куды ўваходзіць колькасць піянераў і ненармаваны працоўны графік. І я атрымаў за месяц 1,6 мільёна, замест 2,2. Піянераў сапраўды не было, але ненармаваны графік быў”, - расказвае педагог-арганізатар Андрэй.

Чым больш піянераў, тым лепш. Як даведалася Еўрарадыё, класнаму кіраўніку за гэта могуць даць кубак, бо… гордасць гімназіі!

“У нас конкурс на лепшы клас. Падводзім вынікі напрыканцы году, у тым ліку, і па колькасці ўдзельнікаў піянерскіх арганізацый. Гэта наша гордасць будзем уручаць кубак гімназіі”, - кажуць у 12 гімназіі.

У гонцы за паказчыкамі, запісваюць у піянеры цэлыя класы. У 12 мінскай гімназіі 85% - у піянерскай арганізацыі. Уступілі амаль усе пяцікласнікі. 8 чалавек з паралелі праігнаравалі.

“Летась усе шостыя былі ў піянерах. Зараз усе пятыя, толькі ў адным класе 8 чалавек не ўступілі. Гэта ж добра, узгадваючы піянерыяю тых год, яны ж нічога дрэннага не рабілі”, - запэўніваюць мяне ў гімназіі.

Адна праблема - бацькі. Тыя адмаўляюцца даваць згоду па… рэлігійных матывах.

“Ёсць бацькі, якія катэгарычна супраць, агрэсіўныя. Ёсць, калі бацькі па рэлігійных прычынах не дазваляюць уступаць. Але, у прынцыпе, акцый пратэсту бацькі не робяць”, - расказваюць у 66 сталічнай школе.


“Піянеры павінны знаць законы, крыху пра піянерыю, традыцыі і даты, звязаныя з піянерыяй. Мусяць ведаць, калі даюць салюты”, - пералічваюць патрабаванні.

Пераможца рэгіянальнага конкурсу “Я-лідар” з Акцябрскага Ксюша Дзягелька ў піянерах тры гады. Яе маці прыгадвае, што каб узялі ў піянеры, дачка вучыла клятву падобную да “ленінскай”.

“Яны вучылі клятву пра піянераў, іх прымалі на брацкіх могілках. Мы ў свой час Леніну клятву вучылі, а яны радзіме, там перароблена ў іх”, - прыгадвае мама Ксюшы Алена Уладзіміраўна.


Каб дачку прынялі, мама пісала заяву ў піянерскую арганізацыю. Там трэба было дапісаць толькі імя і прозвішча, прыгадвае Алена Ўладзіміраўна.

Алена Уладзіміраўна: “Там прыносяць ужо аддрукаванае, а трэба ўставіць толькі прозвішча і імя”.


Дарэчы, у класе ў Ксюшы ў піянеры ўступілі не ўсе вучні. Яе маці гэта памятае з бацькоўскіх сходаў.

Фота: bymedia.net