Воўчак: Сведка па справе Аўтуховіча блытаецца ў сваіх паказаннях

Пасяджэнне суда над ваўкавыскімі прадпрымальнікамі, якіх абвінавацілі ў падрыхтоўцы тэрарыстычнага акта супраць вышэйшых службовых асоб Гродзенскай вобласці, пачалося ранкам 10 сакавіка. У залу Вярхоўнага суда прапусцілі толькі 20 чалавек паводле загадзя складзеных спісаў. Большасць журналістаў, палітыкаў і праваабаронцаў туды не трапілі. Нягледзячы на тое, што слуханні па справе былі аб’яўленыя адкрытымі.



Як расказаў Еўрарадыё сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская дэмакратыя” Павал Севярынец, прэсу з зала выдаляюць па просьбе аднаго з абвінавачаных і адначасова галоўнага сведкі па справе Аляксандра Ларына. І гэта выклікае вялікае здзіўленне ў прысутных.

Павал Севярынец: “Спадар Ларын выконвае нейкую своеасаблівую функцыю. Бо ён сядзіць асобна ад абвінавачаных, заяўляе хадайніцтва, каб там не прысутнічала прэса. І прэсу пасля гэтага выдаляюць – відавочна, што разыгрываецца спектакль”.

Такое ж здзіўленне выклікае і нежаданне суддзі даць магчымасць Мікалаю Аўтуховічу зрабіць ксеракопію матэрыялаў справы. Адначасова прызнаюць тое, што абвінавачаны цалкам з ёй азнаёміўся. Дарэчы, менавіта гэта акалічнасць стала падставай для пераносу слуханняў яшчэ на 6 дзён.

Павал Севярынец: “Аўтуховічу не даюць магчымасці азнаёміцца з матэрыяламі справы – яму даюць толькі фрагменты гэтай справы. Яму не даюць азнаёміцца з вынікамі скаргаў на дзеянні органаў. Бо там некалькі органаў, якія займаюцца яго справай. Параўнаць іх дзеянні і высветліць усю сістэму дасудовага следства яму не даюць. І суд незаконна адмаўляе яму ў гэтым праве”.

А менавіта права мець перад вачыма ўсе матэрыялы, кажа праваабаронца Алег Воўчак, далі б магчымасць Аўтуховічу злавіць галоўнага сведку Аляксандра Ларына на супярэчнасцях у паказаннях.



Алег Воўчак: “Яму трэба было адксеракапіраваць, каб сесці спакойна і прааналізаваць дадзеныя ўсёй справы. Знайсці супярэчнасці. Бо там вельмі шмат пратаколаў Ларына і паўсюль ён па рознаму гаворыць. І на гэтых паказаннях трэба было злавіць”.

Па словах Воўчака, паказанні такога галоўнага сведкі, які блытаецца ў сваіх паказаннях, суд не павінен прымаць да ўвагі.

Алег Воўчак: “Вядома, калі столькі сумненняў (у паказаннях сведкіаўт.), то ўсе сумненні трактуюцца на карысць абвінавачанага. І таму нармальны суддзя будзе ставіцца з недаверам да такога галоўнага сведкі. Які адначасова і сведка, і абвінавачаны”.

У той жа час праваабаронцы Людміла Гразнова і Зміцер Чарных кажуць, што пакуль працэс ідзе без відавочных парушэнняў, а суддзя робіць выгляд, што літара закона для яго – галоўнае. Адначасова выказвае сваё бачанне прычын, якія падштурхнулі суддзю Аляксея Цяцюхіна перанесці слуханні на 16 сакавіка.



Людміла Гразнова: “Тое, што даў ён яшчэ тыдзень на тое, каб азнаёміцца са справай – у мяне такое ўражанне, што гэта зроблена таму, што ўлады не ведаюць, што рабіць з гэтай справай. Мабыць, такі розгалас і палітычная ўвага да гэтай справы, а зараз у краіне вельмі цяжкае становішча эканамічнае, таму яны яшчэ, відаць, вагаюцца і ў іх няма ўпэўненасці”.

Былы “афганец”, ваенны лётчык Георгі Бухтарэвіч, якога карэспандэнт Еўрарадыё сустрэў каля будынка Вярхоўнага суда, прызнаўся, што асабіста падсудных не ведае. Але сыходзячы са свайго баявога вопыту ён упэўнены, што Аўтуховіч і Асіпенка не маглі рабіць таго, у чым іх абвінавачваюць.

Георгі Бухтарэвіч: “Я лічу, што гэтага не магло быць. І нават не магло замышляцца”.



А Павал Севярынец называе гэты працэс над ваўкавыскімі прадпрымальнікамі палітычным і кажа, што найхутчэй ён скончыцца тэрмінам для Мікалая Аўтуховіча і Ўладзіміра Асіпенкі. Нягледзячы на супярэчлівыя паказанні галоўнага сведкі.

Фрта: Змітра Лукашука