Восем краін Еўропы далучыліся да рашэння аб санкцыях супраць Беларусі
Гэтае далучэнне вітае вярхоўны прадстаўнік ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан.
Санкцыі ў дачыненні Беларусі падоўжаныя да 31 кастрычніка 2013 года, нагадвае РИА Новости. Да гэтага рашэння, прынятага 15 кастрычніка, далучыліся Албанія, Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Македонія, Нарвегія, Сербія, Харватыя і Чарнагорыя.
Варта адзначыць, што ўсе гэтыя краіны, апроч Нарвегіі, заявілі пра далучэнне да санкцыяў ЕС супраць Беларусі яшчэ ў чэрвені 2012 года.
Ціск на беларускія ўлады з боку ЕС будзе працягвацца ў сувязі з тым, што не ўсе палітвязні былі вызваленыя, а тыя, хто выйшаў на волю, не былі рэабілітаваныя. Таксама Савет міністраў ЕС звярнуў увагу на адсутнасць прагрэсу ў сферы павагі правоў чалавека, вяршэнства закону і дэмакратычных прынцыпаў.
Пад візавыя і эканамічныя санкцыі Еўрасаюза трапляюць 243 беларускія чыноўнікі, у тым ліку Аляксандр Лукашэнка.