“Ur’ia” сыграе вялікі сольнік з запрошанымі гасцямі

У дзень зімовага сонцастаяння этна-рок-шоў “Ur’ia” упершыню дасць вялікі сольны канцэрт у Мінску. Праграма, з якой гурт на чале з Юрыем Выдронкам выйдзе на сцэну КЗ “Мінск”, будзе называцца “Таўкачыкі на Каляды”.

“У выкананні “Ur’ia” на канцэрце прагучаць лепшыя песні зімовага каляндарнага цыклу, — распавядае пра цікавосткі імпрэзы Юры Выдронак. — Думаю, і нешта новенькае будзе. А з гасцямі, якія да нас завітаюць, мы зладзім эксперыменты ў межах ад аўтэнтычнага фальклору да цяжкога металу”.


Сярод гасцей “юр’еўскага” канцэрту — бабулі з Глускага раёну — разам з музыкамі яны выканаюць рок-версію народнай песні “Мамачка”. Апроч бабуль з “Юр’яй” сыграе польскі мультыінструменталіст Барталамей Лех Палыга, струнны квартэт “Аніма”, заспяваюць гурты “Талака”, “Грамніцы”, “Ветах” і “Re1ikt”, выступяць танцавальныя калектывы.

“Мы перапрацоўваем рытуальную музыку і спрабуем у лепшым варыянце данесці яе да слухачоў на энергетычным узроўні, — распавядае пра мэту сваёй творчасці Юрый Выдронак.Замежная публіка не разумее беларускай мовы, ды і, мяркую, частка беларусаў не адразу разумее архаічныя рытуальныя тэксты, Але калі ты энергетычна даносіш іх да людзей, то гэта падабаецца. Гэта ўводзіць у транс, спецыфічны рэзананс. І публіка адчувае гэта, незалежна ад ведання мовы. Я думаю, што ў нас на канцэрце гэта будзе”.

Дарэчы, Юрый папярэджвае, што канцэрт “Юр’і” не варта блытаць з фэстам “Таўкачыкі на Каляды” — ён будзе, але крыху пазней. Такім чынам, 23 снежня, вялікая зала КЗ “Мінск”. 19.00. Канцэрт пройдзе пры фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі.