Уладальнік “Коста Канкордзіі” выплаціць пасажырам па 11 тысяч еўра

Суму ў 11 тысяч еўра прапануюць пасажырам, якія фізічна не пацярпелі, але страцілі багаж і атрымалі псіхалагічныя траўмы. Адпаведнае рашэнне было прынятае ў выніку працяглых перамоваў паміж прадстаўнікамі “Коста Кроч’ерэ” і італьянскімі групамі абароны спажыўцоў, перадаюць інфармацыйныя агенцтвы.

Кампенсацыя сем’ям загінулых, а таксама пасажырам, якія атрымалі фізічныя траўмы, будзе вылічвацца іначай, у кожным выпадку індывідуальна.

Лайнер “Коста Канкордзія” пацярпеў крушэнне ў ноч на 14 студзеня ў Тырэнскім моры каля выспы Джылья ля ўзбярэжжа італьянскай вобласці Таскана. На борце судна знаходзілася болей за 4,2 тысячы чалавек. У дадзены момант знойдзеныя целы 16 загінулых, яшчэ каля 20 чалавек дагэтуль лічацца зніклымі без вестак.