У сераду ў судзе апытаюць супрацоўнікаў Агенцтва моды Сашы Варламава
Працэс па справе вядомага мадэльера адновіцца 27 лютага ў Ленінскім раённым судзе сталіцы.
Як інфармуе "Интерфакс-Запад", чакаецца, што працягнецца апытанне пацярпелых.
Тым часам Саша Варламаў прайшоў медычнае абследаванне. Заключэнне аб стане яго здароўя дадуць лекары са шпіталя МУС.
Нагадаем, вядомага мадэльера вінавацяць у махлярстве ў асабліва буйным памеры, прыўлашчванні маёмасці, ухіленні ад уплаты падаткаў, злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі, крадзяжы ў буйным памеры. Па звестках следства, агульныя матэрыяльныя страты, нанесеныя дзеяннямі Сашы Варламава, склалі каля 1 млрд 200 млн рублёў.
Саша Варламаў знаходзіцца за кратамі з 20 траўня 2011 года. Ён займаў пасаду дырэктара прадпрыемства "Агенцтва моды Сашы Варламава", начальніка Цэнтра маладзёжнай моды БДУ ды інш.