У Мінску затрымалі яшчэ аднаго нацбола
А 7-й гадзіне раніцы 12 снежня міліцыянты затрыалі на кватэры актывіста беларускіх нацыянал-бальшавікоў Дзяніса Сахара.
Дзяніс паспеў патэлефанаваць калегам, што яго забіраюць, і сувязь з ім абарвалася, паведамляе Радыё "Свабода". Нагадаем, што 3 снежня трое нацболаў вывалілі вядро вараных локшынаў на ганак будынку Белтэлерадыёкампаніі ды раскідалі ўлёткі.
На мінулым тыдні міліцыянты па відэакадрах нібыта "вылічылі" дваіх — Яўгена Контуша і Уладзіслава Лобава. Іх цэлы дзень трымалі ў пастарунку. Лобава пасля затрымання адпусцілі, бо ён непаўналетні. Справу Контуша два дні разглядалі ў судзе Першамайскага раёна. Аднак сведкі-міліцыянты давалі супярэчлівыя паказанні: яны не запомнілі твараў, а апазналі Контуша толькі па росце і фігуры. Таму суд накіраваў справу на дапрацоўку. Паплечнікі кажуць, што па камплекцыі Дзяніс Сахар падобны да Контуша.