У Гродне знайшлі невядомыя творы Быкава пра “акопную праўду”
Аповесць “Атака” і апавяданне “Жалезны камандзір” надрукуюць у часопісе “Дзеяслоў” і ў “Літаратурнай Беларусі”.
Пра гэта Еўрарадыё распавёў галоўны рэдактар часопіса “Дзеяслоў” Барыс Пятровіч:
“Гэтыя творы Васіль Уладзіміравіч пакінуў некалі ў Гродна, калі пераязджаў у Мінск. Літаральна некалькі год таму яго сын знайшоў старую валізку, дзе ляжалі чарнавікі і некаторыя ненадрукаваныя рукапісы. Там той Быкаў, якога мы ведаем са школы. Ранні Быкаў, які пісаў пра “акопную праўду”.
Аповесць “Атака”, якая выйдзе ў “Дзеяслове”, займае прыблізна 40 старонак. Твор “Жалезны камандзір” надрукуюць у “Літаратурнай Беларусі”, дадатку да газеты "Новы час".
Барыс Пятровіч не выключае, што ў знойдзеных рукапісах могуць быць іншыя творы Быкава. Таксама аповесці выйдуць у зборніку невядомых твораў Васіля Быкава, які неўзабаве выйдзе ў Гродне.