У Брэсце здарыўся пажар у доме, адведзеным пад яўрэйскі музей

З тыльнага боку першага на 1-м Мінскім завулку дома ляжаць прагарэлыя дошкі падлогі. Сусед кажа:

“Аднаго ранку гарэла. Там незабітыя дзверы былі. Дзеўкі нейкія маладыя ўсё хадзілі, палілі цыгарэты. Напэўна, з універсітэцкага інтэрната цераз дарогу. Суседка іх ганяла, ганяла, бо прыдуць і паляць. Падлога гарэла. Пажарныя прыехалі, патушылі. Цяпер там такая яма, на першым паверсе”.

Гэты дом адзіны з 12 дамоў калоніі Варбурга, які могуць не знесці. Прынамсі, дзверы яго з ліпеня апячатаныя, вокны застаўленыя фанернымі шчытамі. У гарадскім аддзеле культуры сказалі, што дом пакінуць пад музей яўрэйскага побыту, калі мясцовае яўрэйскае таварыства “Брыск” знойдзе фінансаванне. Пакуль грошай няма нават на кансервацыю. Пячаткі на дзвярах пазрываныя, у доме хлуд і сляды бамжоў. Другія дамы калоніі ужо цалкам або часткова знесеныя.

Нагадаем,  што драўляныя васьмікватэрныя двухпавярховікі былі пабудаваныя ў Брэсце ў 1920-я гады на грошы яўрэйскай дабрачыннай арганізацыі “Джойнт” . Квартал назвалі ў гонар кіраўніка “Джойнта” Фелікса Варбурга. Гэта адзіны ў Беларусі такога рода ансамбль гістарычных будынкаў.