У Баранавічах засталася апошняя грамадская лазня
Адразу дзве лазні зачынілі на рамонт у горадзе.
Адна з іх знаходзіцца ў прыватным сектары ў раёне вакзала Баранавічы-Цэнтральныя.У многіх жыхароў гэтага раёна няма выгод, і лазня была адзінай магчымасцю падтрымліваць уласную санітарыю. З адчаю жыхары напісалі ліст у незалежную газету "Intex-press". Яны просяць дапамагчы ў вырашэнні праблемы. Пад лістом стаіць 130 подпісаў.
Начальства з чыгункі, якой належыць лазня, сцвярджае, што лазню эксплуатаваць нельга, бо яна ў пажаранебяспечным стане.
Другая лазня, якую шмат год рэканструявалі, зачынілася ў пасёлку баваўняншчыкаў. Яе закрыццё прыпала на час адключэння ў пасёлку гарачае вады.
У 170-тысячных Баранавічах цяпер працуе толькі адна грамадская лазня.