“Супер-бупер” Тузін распачаў новы сезон

16 верасня сталася знакавай датай у гісторыі слушнага музычнага парталу “Тузін Гітоў”. Па-першае, у гэты дзень свет убачыў “Шосты Прэм’ер Тузін” — складанка, створаная па выніках хіт-параду 2011 музычнага года.  У яе традыцыйна ўвайшло 42 твора. Сярод іх — “Залаты Тузін” — лепшыя 12 песень года па версіі наведвальнікаў парталу і экспертаў, і МР3-секцыя — песні-удзельнікі хіт-параду з някепскімі вынікамі на думку наведвальнікаў. Галоўная адметнасць дыска, кажа рэдактар парталу Сяргей Будкін, тое, што ён цалкам выдадзены ў Беларусі.

Сяргей Будкін: “Наш дыск выйшаў на кампаніі “Вігма” упершыню: з 2005 года мы выдаем дыскі, эксперыментуем і намагаемся кожны год выдаваць на новым лэйбле. Каб, па-першае, паглядзець, як людзі працуюць, па-другое, параўнаць, як у каго атрымліваецца”.

Сяргей Будкін і прадстаўнік "Вігмы" Сяргей Рудовіч

Другой значнай падзеяў у жыцці “Тузіна” стаў старт першага туру хіт-параду новага музычнага сезону-2012. У “супер-бупер”-туры бяруць удзел новыя песні беларускіх музыкаў і беларускамоўныя версіі песень небеларускіх зорак. Такім чынам, пачаў рэалізацыю раней анансаваны праект “Тузіна” і кампаніі “Будзьма беларусамі!” “Будзьма! Тузін. Перазагрузка.2”.

Алесь Плотка, Алег Хаменка і Wiecier Mechaniczny

Так, дзякуючы праекту “Будзьма! Тузін. Перазагрузка.2” па-беларуску ўжо заспявалі ўкраінцы “Воплі Відаплясава”, расіяне “Братья Грим”, 5diez і Мумий Тролль, шведы “Dreamgale”. Зусім хутка хіт-парад расфарбуе песня нарвежца Аляксандра Рыбака.

Таксама ў “Тузіна Гітоў” з’явіўся новы інтэрнэт-дамен TUZIN.FM. Па словах выдаўца і дызайнера Ветра Механічнага, цягам бліжэйшых месяцаў “Тузін” зменіць свой знешні выгляд.

Wiecier Mechaniczny: “Знешні выгляд — гэта не толькі новыя лагатыпы і колеры. Гэта яшчэ і новы функцыянал. Таму з’явіцца максімум інтэрактыўных магчымасцяў, з’явяцца новыя інтэрнэт-сервісы, новыя раздзелы і ўжо з’яўляюцца новыя аўтары”.

Прэс-аташэ "Ляпісаў" Зміцер Безкаравайны і Алег Хаменка

Навіной ад “Тузіна Гітоў” стала і першая ў гісторыі парталу цырымонія ўручэння ўласных узнагарод паводле вынікаў мінулага музычнага сезону. Згодна з галасаваннем наведвальнікаў сайта і адмысловых экспертаў, “песняй” года стаў твор “Грай” Ляпіса Трубяцкога. Вядучы цырымоніі і “тузінаўскіх” імпрэз музыка Алег Хаменка ўручыў 12 узнагарод “залатым” песням і падкрэсліў унікальнасць прэміі.

Алег Хаменка: “Відавочна, што гэтая прэзентацыя, гэтыя ўзнагароды — адны з найбуйнейшых узнагарод у інтэрнэт-прасторы нацыянальнай музыкі”.

Гурт "Miascovyja"

PANaNieba

Цырымонія ўручэння ўзнагарод “Тузіна Гітоў” прайшла ў фармаце канцэрта, падчас якога свае сэты прадставілі гурты з “Залатога Тузіну”: малады, з  кульгавай рытм-секцыяй, але вельмі пазітыўны гурт “ZnaRock”, гучны “Жнюв”, самая вялізная надзея беларускага року, чые песні спявае на памяць палова адэкватнай часткі жыхароў краіны  — гурт Akute і прыемны, інтэлігентны ўкраінскі “Фіолет” у акустычным варыянце. З самага пачатку ўкраінцы марылі пра беларускамоўную песню ў сваім рэпертуары, кажа фронтмэн “Фіолету” Сяргей “Колас” Мартынюк.

Сяргей “Колас” Мартынюк:Ян Маўзер — добры наш знаёмы — па маёй просьбе знайшоў нам такую песню, бо я прасіў, каб песня была не проста беларускамоўнай, а несла нейкі глыбінны, філасофскі і. у нейкай ступені, патрыятычны сэнс — заклікальна-аптымістычны. І мы яе запісалі. Так здарылася, што нашы беларускія сябры прапанавалі песню ўключыць у хіт-парад “Тузін Гітоў”. Мы гэта рабілі шчыра, ад душы і пагатоў не чакалі, што яна зойме прызавое месца ў хіт-парадзе”.

Жнюв

Хто яго ведае, якія музыкі яшчэ з падачы “Тузіна” заспяваюць па-беларуску, але беларускамоўныя гурты “б’юць чалом” любімаму парталу. Як заўважыў Віталь Фралоў з гурта “Цукерка”, без “Тузіна” не было б і Беларусі.

Віталь Фралоў: “Вялікі дзякуй парталу “Тузін Гітоў” за тое, што ён робіць, за тую вялікую справу, за беларускую справу, якую робім усе мы, мабыць: і слухачы, і музыкі. Усім вялікі дзякуй — без вас не было б Беларусі”.

Аляксандр Кулінковіч


ZnaRock

Akute