Сувеніры з Беларусі: магніцік з Пуціным і Абамам, фігуркі марака і матрошкі
Еўрарадыё даведалася, якія сувеніры ёсць ў Мінску і што набываюць іншаземцы “на памяць”.
У гандлёвым цэнтры “Сталіца” некалькі кропак з сувенірамі.
У кіёску сувеніраў ля крамы абутку шырокі асартымент магніцікаў і паштовак. Асабліва ўражвае, што побач з магнітамі з выявамі Мінск-Арэны і Нацыянальнай бібліятэкі прымасціліся магніты з Пуціным і Баракам Абамам.
Уладіміра Пуціна з Беларуссю яшчэ неяк звязаць можна, але пры чым тут амерыканскі прэзідэнт Барак Абама?
На гэта пытанне прадаўшчыца Кацярына паціскае плячыма і смяецца:
“Таксама пытаюцца: чаму-чаму? Таму… А так на першым месцы па цікаўнасці — магніты з выявамі плошчы Перамогі, Нацыянальнай бібліятэкі, Мінск-Арэны, а таксама паштоўкі і карты з выявамі горада”.
У кіёску “Падарункі са сталіцы” прызнаюцца, што яшчэ чакаюць расіян на калядныя вакацыі. Дарэчы, усходнія суседзі купляюць у падарунак усё, што бачаць, прычым і на беларускай мове, і на рускай.
“Часам пасмейваюцца і просяць перакласці”, — адзначае прадаўшчыца “Падарункаў са сталіцы”.
Тут можна набыць у асноўным вырабы з дрэва, гліны і саломы, але матывы часам вельмі незвычайныя. Да прыкладу, тут прадаюцца гліняныя маракі. А побач з імі вайскоўцы, чыгуначнікі, камунальнікі, пажарныя — усе дзядзькі на падбор з вусамі…
Тут таксама можна купіць магніты ад крызісу, на шчасце і на здароўе. Можна знайсці нават гжэль з надпісамі “Хачу нявесту, хачу ў Парыж” і гліняную беларуску з пятым памерам грудзей.
Часцей за ўсё беларускія сувеніры асацыююцца з глінай, саломай, ільном і дрэвам.
У кіёску “Белсаюздрука” пад сувеніры асобная паліца.
“Магніты бяруць. Лялькі з саломы, шкатулкі, а вось матрошкі — ніяк. Мо на ніжэйшым узроўні купляюць, бо там прыгажэйшыя. А ў нас беларускія, іх не бяруць. І паштоўкі, зразумела”.
Пры гэтым прадаўшчыца прызнаецца, што сувенірныя магніты вырабляюцца не ў Беларусі — проста яны з выявамі Мінска, а вязуць іх з Расіі. Прыезджыя ж расіяне пра гэта звычайна не ведаюць і раскупляюць “на ўра”.
Прадаўшчыца дадае, што туркі і расіяне купляюць стандартны набор: магніцікі з выявамі беларускай сталіцы, паштоўкі, саламяныя цацкі, а вось у кітайцаў свае перавагі, што везці на памяць на радзіму.
“Кітайцы купляюць маркі. Магніты яны неяк так… Нашы беларускія наборы марак. Яны захопленыя маркамі. Наборамі цэлымі бяруць”.
У краме “Беларускі сувенір” Еўрарадыё запэўніваюць, што ўсе сувеніры ў іх — беларускай вытворчасці. А вось у суседнім ГУМе айчынныя хоць і стаяць навідавоку, але ў вочы кідаецца вялікая колькасць не толькі беларускіх, але і расійскіх матрошак, а таксама кітайскіх магніцікаў.
Расіянка Альбіна прыехала ў Беларусь упершыню і кайфуе ад “ўсяго савецкага”. Жанчына выбірае “нешта з нацыянальным каларытам”.
“У нас свой дом, таму нас цікавіць менавіта нешта натуральнае — з гліны, керамікі, саломы”, — кажа яна.
Кошты ж на сувеніры самыя розныя — ад 12 тысяч рублёў за магніцік з выявай Мінска да паўмільёна за матрошку ці паўтара — за вышытую кашулю з ільну.