Студэнтаў ВНУ з Магілёва і Баранавіч размяркоўваюць у... Мінск
А з філалагічнага - у “Сіліконавую даліну”. Еўрарадыё разабралася, як атрымаць файнае размеркаванне.
120411 Martin Razmerkavanne.mp3
“У мяне быў падрыхтаваны запыт з агенцтва, з медыяхолдынгу. Толькі запыталіся пра рэгістрацыю. Наогул, праблем з размеркаваннем у прыватныя фірмы няма. Адзінае – размяркоўвацца, як індывідуальны прадпрымальнік – нельга”, - расказвае студэнтка філалагічнага факультэта БДУ Святлана.
З размеркаваннем пашанцавала - застанецца ў Мінску.
“У нас звычайна ёсць прапановы працы ў школе, і нашы выпускнікі самі прыносяць запыты і мы іх амаль усе задавальняем, незалежна, дзяржаўная гэта структура ці не. Нашы выпускнікі запатрабаваныя нават у “сіліконавай даліне”, - кажуць у дэканаце філалагічнага.
І дадаюць, што у фірмах, адкуль прыносяць імянныя запыты, студэнты зазвычай працуюць ужо некалькі год. Добры і просты досвед адкасіць ад размеркавання!
А пакуль студэнты сталічных ВНУ шукаюць запыты, каб застацца ў Мінску. Выпускнікі Магілёўскага ўніверсітэта харчавання едуць працаваць... у Мінск.
“Сталічным прадпрыемствам патрэбныя нашы спецыялісты. Малочныя камбінаты, хлебазаводы просяць нашых. Кожны год размяркоўваем у Мінск, у гэтым годзе вось ужо 6 чалавек з грамадскага харчавання запрасілі”, - распавядаюць у Магілёўскім універсітэце харчавання.
Тут раяць паступаць на малочныя спецыяльнасці, бо вялікі шанец размеркавацца ў Мінск.
Маладыя спецыялісты Баранавіцкага ўніверсітэта таксама размяркоўваюцца ў сталіцу.
“Гэта тыя, хто прыносіў запыты з Мінскіх прадпрыемстваў. Па новым Кодэксе, няма прыярытэту, дзяржаўнае гэта заяўка ці іменная, залежыць па спецыяльнасці заяўка ці не”, - тлумачаць Еўрарадыё ў Баранавіцкім універсітэце.
У магілёўскім універсітэце імя Куляшова ўсё ж найперш разглядаюць дзяржаўныя заяўкі. А па імянных, здараецца, адмаўляюць, тлумачаць у рэктараце. І адсюль студэнты едуць на адпрацоўку ў Мінск.
“Летась аднаго чалавека па спецыяльнасці харэаграфіі накіравалі ў распараджэнне гарадскога аддзела адукацыі Мінска”, - кажуць у рэктараце.
Што ж разглядаюць найперш, імянную заяўку ці тую, якую даслала дзяржава? Пытаемся ў Міністэрстве адукацыі.
“Найперш задавальняюцца заяўкі ад дзяржаўных арганізацый. Дзяржзагад мусіць быць выкананы ў поўным аб’ёме, бо ён складаецца яшчэ ў час набору студэнтаў”, - сцвярджаюць у Міністэрстве, але ўдакладняюць:
“Ёсць спецыяльнасці з лішкам кадраў. Здараецца, што прадпрыемства зрабіла запыт 5 год таму, але пасля яго ліквідавалі. Мусіць ВНУ задавальняць іменную заяўку ў першую чаргу ці не – тэарэтычна… сказаць складана. Ёсць камісія ў ВНУ, якая прымае рашэнне”.
Нагадаем, з факультэта беларускай і рускай філалогіі БДПУ размяркоўваюць у… банк, а ў Ляхавіцкі раён адпраўляюць настаўнікаў, якія там непатрэбныя.
Фота: flikr.com