Сервіс онлайн-браніравання: 40 гатэляў у Беларусі, 160 у Вільні
“У нас і камп’ютара-та няма, а вы кажаце…”.
На міжнародным сайце браніравання booking.com толькі 40 беларускіх гатэляў. 31 з іх - у Мінску.
У гасцініцы “Мір”, у краі замкаў, нельга замовіць нумар праз інтэрнэт. У гатэлі няма… камп’ютара.
“У нас і камп’ютара-та няма, а вы кажаце… Начальства не раскашэлілася”, - кажуць у гасцініцы.
Ніводнай магілёўскай гасцініцы на “Букінгу” няма…
“Мы на “Букінг”не размяшчаліся, бо яшчэ год таму яны прасілі камісію ў траціну кошту ад кожнага нумару, які браніраваўся ад іх. Зараз будзем даведвацца, можа, у іх штосьці цяпер змянілася”, - тлумачаць у трохзоркавай Магілёўскай гасцініцы “Губернская”.
У Горках Магілёўскай вобласці сёлета будуць святкаваць “Дажынкі”. Таму адзіная гасцініца ў Горках – “Проня” на рэканструкцыі.
“Плануем наблізіць яе да… трох зорак, ну так, адносна. Там пакуль руіны, усё разабранае”, - распавядаюць у Горацкім райвыканкаме.
Летась блогер tomkad наведаў “Проню” і выклаў фота гасцініцы: брудная падлога, абшарпаныя шпалеры, санвузел без душа і вады ў прыбіральні – які ж там booking.com…
Так выглядала гасцініца "Проня" да рэканструкцыі.
“Яны нам прапаноўвалі зарэгістравацца, нават лісты дасылалі. Але што там і на якім свеце – не ведаў”, - адказваюць у гродзенскім гатэлі “Кронон Парк”, калі пытаюся пра Booking.com.
Іншых гродзенскіх гатэляў у сетцы міжнароднага браніравання таксама няма.
У гасцініцы у Глыбокім, пра “Букінг”… не чулі.
“Не, у інтэрнэце нельга забраніраваць. Калі што, мы можам забраніраваць нумар па тэлефоне”, - кажуць у глыбоцкай гасцініцы.
У Маладзечне “Дажынкі” ужо прайшлі. І цяпер нумар ў гасцініцы “Маладзечна” можна замовіць праз сетку браніравання ў інтэрнэце.
“Праз “Букінг” шмат людзей браніравалі. У асноўным на калядныя святы. Браніравалі расіяне ў асноўным. А цяпер – зацішша. З Новага году – зацішша”, - кажуць у гасцініцы.
І называюць умовы ўваходжання ў букінг… нармальнымі.
“Яны бяруць камісійныя. Каля 15% ад здачы нумара”.
У Міністэрстве спорту і турызму наконт booking.com не хвалююцца. Бо ўжо існуе беларускі аналаг сайту.
“Нас гэта насамрэч не моцна цікавіць, мы гэта і не адсочваем. Гэта ж на дабравольным пачатку. Рэкамендаваць мы, вядома, рэкамендуем з мэтай папулярызацыі. Але навязваць не можам”, - адказвае супрацоўнік Міністэрства спорта і турызма.
Для параўнання, ў адной толькі Вільні праз “Букінг” можна забраніраваць нумар у 160 гатэлях, у Паланзе - ў 66, у Рызе 166 гатэляў.
У Беларусі, нагадаем, на “Букінгу” можна знайсці толькі 40 гатэляў, у Мінску – 31, у Віцебску – 1, у Гомелі – 2.
Фота:1 flickr.com, фота 2,3:tomkad.livejournal.com/